У Беларусі прадукты і медыцынскія вырабы спецыяльна апраменьваюць радыяцыяй
Генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў НАН Беларусі ў Соснах Андрэй Кузьмін у інтэрв'ю СТБ расказаў, што ў Беларусі вядуць радыяцыйную апрацоўку прадуктаў. Ён назваў гэта інавацыйным спосабам, бо з дапамогай радыяцыйнага апраменьвання, маўляў, атрымліваецца забіваць у прадуктах патагены.
13.03.2023 / 21:57
«Пры гэтым апраменьванне не пакідае слядоў, у адрозненне ад той жа хіміі», — заўважыў Андрэй Кузьмін.
Таксама ён паказаў бінт, які ўваходзіць у вайсковую аптэчку Мінабароны, і распавёў, што ён таксама апраменены.
«Бінт прайшоў апрацоўку радыяцыяй і цяпер цалкам стэрыльны, як і сардэчныя клапаны, біяпратэзы костак, касметыка і нават чай», — пералічыў навуковец.
Увогуле цяпер найбольш запатрабавана апраменьванне прадукцыі менавіта медыцынскага прызначэння. Але пры неабходнасці таксама яму падвяргаюцца вырабы для патрэб энергетыкі і ЖКГ для надання ім новых уласцівасцяў.
«У Вялікабрытаніі такім спосабам стэрылізуюць нават каўбасу. Пасля такой апрацоўкі каўбаса захоўваецца ў два разы даўжэй, але і цана атамная. У Беларусі пакуль да гэтага не дайшлі», — сказаў Кузьмін.
Ён падкрэсліў, што такая апрацоўка — абсалютна бяспечная, бо ніякіх слядоў радыяцыі не застаецца, як толькі спыняецца радыяцыйнае ўздзеянне. Пры гэтым прадукты бяспечныя і абсалютна стэрыльныя. Іншымі спосабамі такой ступені стэрылізацыі, маўляў, дамагчыся цяжка.
Чытайце таксама:
«Гэта зброя выпаленай зямлі». Што такое «брудная бомба» і што рабіць, калі яе падарвуць у Беларусі
«Нямала каштоўных лясоў апынуліся па-за межамі ахоўных тэрыторый». Біёлаг пра тое, што адбываецца з лесам