Экс-уладальнік «Мотавела» Мураўёў выйшаў на волю і выехаў у Дубай — Office Life
Паводле звестак выдання Office Life, экс-уладальнік «Мотавела» і шклозавода «Ялізава», бізнэсмен Аляксандр Мураўеў быў вызвалены недзе ў снежні-студзені і практычна адразу пакінуў краіну. Як мяркуецца, цяпер ён жыве ў Дубаі (ААЭ).
14.03.2023 / 17:31
На якой падставе Мураўёў выйшаў на волю, невядома.
У студзені 2017 года бізнэсмена асудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за махлярства, крадзяжы, нявыплату падаткаў і іншыя злачынствы. Гэты тэрмін застаўся і пасля другога суда: у траўні 2018 года бізнэсмена судзілі за нявыплату падаткаў у асабліва значным памеры.
Аляксандр Мураўёў быў затрыманы ў 2015-м годзе, на той момант ён займаў 36-ты радок у рэйтынгу топ-200 самых паспяховых бізнэсменаў Беларусі.
Нагодай для затрымання стаў стан справаў на шматпакутным мінскім «Мотавела», які знаходзіўся пад кіраваннем структур Мураўёва з 2007-га.
У жніўні 2007 года Беларусь прадала 99,72% статутнага фонду ААТ «Мотавела» аўстрыйскай кампаніі ATEC Holding GmbH, якая належала Мураўёву.
Аднак праз пяць гадоў, у верасні 2013-га, Аляксандр Лукашэнка наведаў «Мотавела», застаўся незадаволены яго працай і запатрабаваў безумоўнага выканання планаў па яго развіцці.
Лукашэнка тады нагадаў, што адной з найбольш важных умоў продажу «Мотавела» было захаванне яго спецыялізацыі і ўкладанне ў 2007—2012 гадах у развіццё вытворчасці не менш за 20 млн даляраў, аднак пастаўленыя ўмовы былі выкананыя толькі часткова, а чвэрць плошчаў здавалася ў арэнду.
У чэрвені 2015 года Мураўёў быў затрыманы. Пытанні ў следства былі не толькі да працы «Мотавела», але і да шклозаводаў у Ялізаве і Гомелі, створаных з удзелам АТЕС Holding GmbН. Шклозавод «Ялізава» быў прызнаны банкрутам.
Пасля прысуду ў 11 год па рашэнні суда дзяржаве адышлі і ўсе акцыі ААТ «Мотавела», якія належалі Мураўёву.
На судзе Мураўёў казаў, што ў КДБ у яго вымагалі грошы.
На пачатку года з'яўлялася інфармацыя, што Мураўёў неўзабаве апынецца на волі, бо яму змянілі меру ўтрымання — з калоніі на «хімію».
Чытайце таксама:
Бізнэсмен Аляксандр Мураўёў пераведзены з калоніі на «хімію» і, імаверна, неўзабаве выйдзе на волю