Ціханоўская: Сёння не той дзень, з якім можна віншаваць
Дэмакратычны лідар Беларусі выступіла са зваротам да Дня Канстытуцыі, які адзначаецца сёння на афіцыйным узроўні. Канстытуцыя Беларусі, нагадаем, была прынятая 15 сакавіка 1994 года.
15.03.2023 / 13:01
«Сёння Дзень Канстытуцыі. Канстытуцыі, якую за апошнія 28 гадоў некалькі разоў незаконна перапісвалі. Канстытуцыі, артыкулы якой сістэматычна парушаў рэжым, акрамя хіба што артыкула 20 «Мінск — сталіца Беларусі». Канстытуцыі, якая ўжо даўно страціла свой сэнс», — адзначыла Святлана Ціханоўская.
«На жаль, сёння не той дзень, з якім можна павіншаваць, але той, калі можна нагадаць сабе, як шмат мы з вамі ўжо зрабілі на шляху да вяртання сваіх канстытуцыйных правоў. І як шмат нам яшчэ давядзецца зрабіць, каб усе законы нашай краіны працавалі і абаранялі беларусаў, а не станавіліся інструментам для рэпрэсій супраць народа».
Па словах Святланы Ціханоўскай, у дэмакратычных сілаў ужо ёсць бачанне таго, як павінна выглядаць Канстытуцыя новай Беларусі.
«Нашая задача — не проста новая кніжка з наборам слоў, якой кожны чыноўнік зможа грэбаваць дзеля ўласных інтарэсаў. Нашая задача — вярнуць гэтаму дакументу значнасць. Падрыхтаваць такую Канстытуцыю, якая стане абаронай ад дыктатуры, гарантуе кожнаму чалавеку правы і свабоды, а таксама ўсталюе дэмакратычныя стрымліванні і процівагу», — зазначыла дэмакратычная лідарка.
Ціханоўская прапануе кожнаму далучыцца да абмеркавання праекта Канстытуцыі новай Беларусі на сайце: kanstytucyja.online.
«Я ведаю, што дэмакратычныя перамены ў нашай краіне непазбежныя, як бы моцна рэжым не спрабаваў пераканаць нас у адваротным. Непасрэдна цяпер мы з вамі набліжаем той час, калі Беларусь стане свабоднай дэмакратычнай краінай», — рэзюмуе Святлана Ціханоўская.
Чытайце таксама:
Ціханоўская правяла важныя сустрэчы з палітыкамі Вялікабрытаніі