Як выглядае сядзіба Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўцы, дзе праходзіць рэканструкцыя

Грушаўка знаходзіцца за 5 кіламетраў ад Ляхавіч. Тут часткова захавалася сядзіба старажытнага шляхецкага роду Рэйтанаў. Гэта ўжо цяпер — папулярнае для турыстаў месца. А пасля завяршэння рэстаўрацыйных прац і адкрыцця музейных экспазіцый, магчыма, стане адным з культурных цэнтраў нашай краіны, піша Smartpress.

16.03.2023 / 10:32

Сядзібны дом Рэйтанаў у Грушаўцы да рэстаўрацыі. Фота: belkraj.by

Сёння на тэрыторыі былога маёнтка можна ўбачыць родавы дом канца XIX стагоддзя, гаспадарчыя пабудовы і тое, што ад іх засталося, мураванку канца XVII стагоддзя, у якой апошнія дні свайго жыцця пражыў Тадэвуш Рэйтан, алею, возера, брукаванку, рэшткі парку і агароджы. Таксама, недалёка ад самой сядзібы, на ўскраіне лесу, размяшчаецца гатычная капліца-пахавальня роду Рэйтанаў.

Усе фота: Smartpress

Сядзіба доўгі час знаходзілася ў занядбаным стане. Дзякуючы ініцыятыве даследчыка Зміцера Юркевіча і арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, а таксама газеты «Культура», у Грушаўцы і ў розных населеных пунктах Беларусі з 2013 па 2018 гады праводзіліся суботнікі, летнікі, пленэры, фестывалі і тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя Рэйтанам і іх Грушаўскай сядзібе. 

Валанцёры замацавалі ў розных месцах сядзібнага комплексу інфармацыйныя шчыты з гісторыяй маёнтка і роду Рэйтанаў.

З 2014 года да аднаўлення маёнтка пачала далучацца і дзяржава. Сталі праводзіцца маштабныя дзяржаўныя суботнікі. Сродкі з іх выкарысталі для падрыхтоўкі праекта аднаўлення сядзібы. Праз некаторы час у маёнтку з’явілася ахова. 

Потым сумеснымі намаганнямі ўдалося атрымаць грант ад Еўрасаюза на рэстаўрацыю сядзібы. Агульная яго сума складае 1 327000 еўра. З іх 140000 унёс беларускі бок. Рэстаўрацыя пачалася ў 2020-м годзе.

За апошнія 3 гады ў Грушаўцы быў часткова адноўлены сядзібны дом. Працы яшчэ шмат, але ўжо цяпер бачны вынік.

 

У падвалах сядзібнага дома плануецца зрабіць музейныя экспазіцыі, мастацкую галерэю і філіял мастацкай школы г. Ляхавічы, навучэнцы якой будуць прыязджаць сюды на пленэры.

Астатнія будынкі комплексу пакуль застаюцца ў аўтэнтычным стане. Толькі «Мураванку» валанцёры арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана часова накрылі шыферам.

Чытайце таксама:

Рэйтан і Касцюшка — браты

Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы. Фота Віктара Малышчыца

Nashaniva.com