У Магілёве 49-гадовая жанчына пакусала дзяўчынку

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Аляксандр Сухадольскі у эфіры «Радыё-Мінск» расказаў незвычайную крымінальную гісторыю, якая адбылася 22 студзеня ў Магілёве, пішуць «Мінск-Навіны». 

16.03.2023 / 17:57

Фота ілюстрацыйнае

Жанчына разам з мужам адправілася да знаёмых у госці, вярталіся яны адтуль позна ўвечары. Падыходзячы да свайго дома, муж і жонка ўбачылі каля пад'езда дзяцей, якія шумна абмяркоўвалі нейкае відэа на тэлефоне, пра штосьці гаварылі і смяяліся.

Жанчыне здалося, што дзеці занадта расшумеліся, ды яшчэ і перашкаджалі ёй прайсці. Яна зрабіла ім грубую заўвагу, дзеці агрызнуліся.

Урэшце словамі ўсё не абмежавалася, бо за дзяцей заступіўся бацька адной з дзяўчатак. Яму не склала цяжкасці даць рады выпіўшаму мужчыну, які захацеў з ім разабрацца, але жанчына тым часам напала на яго дачку. Як потым яна тлумачыла следчаму: «Палічыла, што бацька дзяўчынкі можа збіць яе мужа, а так не стане гэтага рабіць, таму што будзе абараняць сваю дачку».

Пры правядзенні судова-медыцынскай экспертызы ў пацярпелай дзяўчынкі выявілі вырваныя валасы, ранкі на руках і сляды ўкусу. Праведзены медагляд выявіў у крыві ў жанчыны 1,2 праміле алкаголю.

Па выніках расследавання жыхарцы Магілёва прад'яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства), ёй пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі.

Nashaniva.com