Рэдактару «Інфа-Кур'ера» і яго намесніку далі 15 сутак
Сёння завяршыўся суд над галоўным рэдактарам і ўладальнікам слуцкай незалежнай газеты «Інфа-Кур'ер» Сяргеем Станкевічам і яго намеснікам Алегам Рубчэнем. Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, супрацоўнікам выдання прызначылі па 15 сутак кожнаму за непадпарадкаванне пры затрыманні.
17.03.2023 / 13:27
Як паведаміла БАЖ, суд праходзіў у Слуцкім РАУС. Родных і калег на пасяджэнне не пусцілі. У зале прысутнічала толькі адвакат.
Віну затрыманыя не прызналі.
Нагадаем, 15 сакавіка сілавікі правялі ператрус у рэдакцыі «Інфа-Кур’ера», забралі асноўную тэхніку, а з прысутных узялі падпіску аб неразгалошванні. На наступны дзень наклад газеты адмаўляліся прымаць крамы «Белсаюздрука». Галоўны рэдактар і ўладальнік газеты Сяргей Станкевіч, а таксама яго намеснік Алег Рубчэня былі змешчаныя ў мясцовы ІЧУ.
Сёння рэдакцыя паведаміла, што нумар газеты«Інфа-Кур’ер» ад 16 сакавіка зараз зноў можна набыць у шапіках «Белсаюздрука».