«Не мае ніякага значэння для нас». Улады Расіі адрэагавалі на ордар на арышт Пуціна
У Міжнародным крымінальным судзе выдалі ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. Ва Украіне і ў Расіі адрэагавалі на гэта рашэнне Міжнароднага крымінальнага суда.
17.03.2023 / 19:30
Уладзімір Пуцін падчас наведвання войска. Фота: Мінабароны РФ
Прэс-сакратарка Міністэрства замежных спраў Расіі Марыя Захарава заявіла, што ордар на арышт Уладзіміра Пуціна «не мае ніякага значэння» для РФ.
«Расія не з'яўляецца ўдзельнікам Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суда і абавязанняў па ім не нясе. З гэтым органам Расія не супрацоўнічае, а магчымыя «рэцэпты» на арышт, якія зыходзяць з Міжнароднага суда, будуць для нас юрыдычна нікчэмнымі», — заявіла Захарава.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў таксама выказаўся.
«Сама пастаноўка пытання непрымальная, мы не прызнаём юрысдыкцыю гэтага суда, любыя рашэнні яго нікчэмныя з пункту гледжання права», — цытуе Пяскова агенцтва «РІА Навіны».
Генпракурор Украіны Андрэй Косцін назваў рашэнне Міжнароднага крымінальнага суда «гістарычным для Украіны».
«Ад сёння расійскі прэзідэнт мае афіцыйны статус падазраванага ва ўчыненні міжнароднага злачынства <…>. Гэта значыць, што за межамі Расіі Пуціна трэба арыштаваць і прыцягнуць да суда. І сусветныя лідары тры разы падумаюць, перш чым паціснуць яму руку ці сесці з ім за стол перамоў. Свет атрымаў сігнал, што расійскі рэжым злачынны і яго кіраўніцтва і саюзнікі будуць прыцягнутыя да адказнасці. Гэта гістарычнае рашэнне для Украіны і ўсёй сістэмы міжнароднага права», — заявіў Косцін.