Германія выканае патрабаванне Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Пуціна — міністр юстыцыі ФРГ

Міністр юстыцыі ФРГ Марка Бушман заявіў у інтэрвʼю газеце Bild am Sonntag, што выканае патрабаванне Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Пуціна, калі «яго нага ступіць на тэрыторыю Германіі». Як зазначае выданне, дзейнічаць у адпаведнасці з пастановай Міжнароднага крымінальнага суда павінны ўсе краіны, якія падпарадкоўваюцца яго юрысдыкцыі, у тым ліку ФРГ.

19.03.2023 / 08:59

Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Яго падазраюць у ваенных злачынствах, у прыватнасці, у незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію.

Для Уладзіміра Пуціна ордар Міжнароднага крымінальнага суда на яго арышт азначае, што ён больш не зможа ўязджаць у краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, а таксама прызнаюць юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда. Гэта 123 дзяржавы свету, уключаючы ўсе краіны Еўропы і Паўднёвай Амерыкі, Таджыкістан, Афганістан, ПАР, ЦАР і Нігерыю.

Прэс-сакратарка Міністэрства замежных спраў Расіі Марыя Захарава заявіла, што ордар на арышт Уладзіміра Пуціна «не мае ніякага значэння» для РФ.

Nashaniva.com