У Беларусі з'явіліся першыя вясновыя грыбы
Нацыянальны парк «Белавежская пушча» паведаміў на сваім сайце, што ў пушчы ўжо пабачылі першыя вясновыя грыбы. Першы адзначаны грыб 2023 года называецца саркасцыфа пунсовая, або пунсовая чаша.
20.03.2023 / 17:35
Саркасцыфа пунсовая расце на тых ствалах і галінах дрэў, якія гніюць, звычайна засыпаных лістотай ці ўжо ўрослых у зямлю.
Галоўная адметнасць такога грыба — капялюшык, які выглядае як ярка-чырвоны кубак памерам ад 1,5 см да 5 см у дыяметры. Краі капялюшыка загорнутыя ўсярэдзіну, яны афарбаваныя ў бледна-ружовы ці белы колер. А вось ножка грыба ледзь прыкметная.
Саркасцыфа пунсовая звычайна з'яўляецца на пачатку вясны і пладаносіць з красавіка па май.
Чытайце таксама:
Да Беларусі з выраю даляцеў першы вялікі арлец
На Палессі пабачылі першых буслоў, што прыляцелі з выраю. Сёлета яны вярнуліся раней, чым звычайна