Пілсудзкага пераставілі
Сяргей Астравец піша на сваім блогу пра помнікі: бронзавыя, бэтонныя і гіпсавыя.
04.11.2009 / 17:45
Уласна кажучы, гэта не навіна для жыхароў гораду, дзе ён стаяў перад ратушай, пра тое, што пераставілі — гэта мой загаловак, для якога я год назад не напісаў тэкст.
Гляджу зноўку: сапраўды няма, у іншым месцы цяпер. Зрэшты помнік новы, не пусьціў карэньня, гадоў некалькі ён там прастаяў — перад ратушай ХVІІІ ст., месца, мне здаецца, было ўдалае: архітэктурнае асяродзьдзе і ўсё іншае. Кажуць, ён мог абражаць некаторых беларусаў мясцовых, абражаць палітычна: назваўся груздом спачатку, з маладым максімалізмам, але выбраў для сябе больш пэўны човен, стары, але выпрабаваны, ня з новай драўніны, недасушанай. І нічым не дапамог новаму малому чоўніку, толькі наадварот, прайшоў міма з фанабэрыяй, узьняўшы хвалю згубную.
Уяўляю: колькі газэты мясцовыя з тэмы гэтай ежы мелі, але яны ня трапілі ў мае рукі. Тое, што пераставілі, здаецца спачатку неверагоднай падзеяй. Але ж у нас, сябры, таксама перастаўляюць, хаця ўсё здаецца жалезабэтонна на нашых плошчах. Перастаўляюць, але ў выглядзе выключэньня. Хаця амаль у кожным разе гэта — учынак грамадзянскай мужнасьці, ледзьве ня подзьвіг. Вось Пілсудзкі мог ня ўсім падабацца, і яго пераставілі, хаця прычына была іншай напэўна. Прычым ён адзін быў такі, не сэрыйны, не канвэерны. Якасная бронзавая статуя, дальбог. Прыпамінаю: улады сталічныя таксама доўга не давалі дазволу на Пілсудзкага, было гэта ў годзе 1994‑м, здаецца, але ж нарэшце пагадзіліся. Падзея нават трапіла ў апавяданьне «Адбіткі пальцаў» і яго можна ўбачыць у маёй сьвежай кнізе «Каты Ёзафа Ратцынгера».
Я разгарнуў яе, каб узяць цытату і зьдзівіўся крышку, што яна атрымаецца істотна большай, чымсьці я думаў: «З помнiка Пiлсудзкаму апаўзае белая шата. Ён задумна глядзiць удол, абаперся на шаблю, у руцэ маршальскае жазло. Грошы на помнiк зьбiралiся пяць гадоў, гарадзкiя ўлады супрацiвiлiся, не давалi згоды на куток пляца. Пацямнелае неба выбухае iскрамi салюту.
Калiсьцi ён сказаў на допыце, што — беларус. Ды перадумаў. А пазьней ён разьбiў бальшавiцкае войска пад Варшавай, уратаваўшы Эўропу ад акупацыi, а сьвет — ад сусьветнай рэвалюцыi. У Мiнск‑Лiтоўску утварыўся першы польскi авiяатрад, а ў Бабруйску — корпус Доўбар‑Мусьнiцкага. Паэт‑палкоўнiк, якi па загаду Пiлсудзкага ствараў i не стварыў беларускае войска, пахаваны на кракаўскiх могiлках, памёр ад сухотаў. Усе вашыя паэты памiралi звычайна праз сухоты. Адзiн ля сiняга мора, iншыя — у савецкiх лягерах. Спрабавалi рыфмаваць нават генэралы. Нацыя паэтаў, якiя пачалi з часам памiраць
ад гарэлкi.
Лех Валэнса зноў адгадаваў пацучыныя вусы й перапрашае ў мiкрафон беларусаў, што палякi нiчога для iх тады не зрабiлi. Ён гаворыць зьбiўна, мабыць хвалюецца. Самi вiнаватыя, гаворыш ты сам сабе. Пiлсудзкi калi нават i хацеў, вырашаў ня ён, кажуць, ён толькi камандаваў войскам. Але ці хацеў насамрэч?»
«Дзядэк» мне асабіста падабаўся, ён стаяў на доле ў турыстычным месцы, сфатаграфавацца побач было нябрыдка, ня сорамна. Іншая сытуацыя, калі ўсю краіну абражае растыражаваная статуя, у якой беларусы ніяк не пазнаюць свайго правадыра, як палякі пазнаюць у Пілсудзкім. Ну, пераставілі парачку‑тройку ў нас, некаторых нават зусім прыбралі з вачэй. Хіба гэта нармальна, калі ў рэйцэнтры каля дзесятка ленінаў, зьлепленых на канвэеры з прагай пахмяліцца чым хутчэй? І ніводнага Каліноўскага, Гартнага, Сапегі, напрыклад? Але ўсё гэта літаратура таксама, нашая, беларуская.
Да слова: шчыра скажу, мяне тады расчуліў учынак Валэнсы, ён сьведчыў пра ўзровень чалавека, я гэта ацаніў. А выступаў ён, нагадаю, з трыбуны, на якой быў наш беларускі рыцарскі герб.