МУС шукае каля 1000 чалавек за «экстрэмісцкія злачынствы». Але «не больш»
Каля 1000 грамадзян афіцыйна знаходзяцца ў вышуку за «злачынствы», здзейсненыя ў 2020-м, 2021-м, некаторыя — у 2022 годзе. Пра гэта ў эфіры СТВ паведаміў намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч.
21.03.2023 / 10:16
«У нас ёсць практычна 1000 грамадзян, якія афіцыйна знаходзяцца ў вышуку за ўчыненне крымінальных дзеянняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020-м, 2021-м, некаторыя — у 2022 годзе», — сказаў ён.
«Гэта не мільёны, як нам паведамляюць?» — перапытаў вядоўца.
«Божа барані. Гэта ўсё глупства. Не больш за 1000 чалавек», — адказаў Казакевіч.
Ён дадаў, што ёсць тэрміны даўнасці прыцягнення да адказнасці за адміністрацыйнае правапарушэнне. Але не скончыліся тэрміны даўнасці прыцягнення да адказнасці за некаторыя віды крымінальных дзеянняў.
«Грамадзянін, які ў чымсьці сумняваецца, можа афіцыйна, у адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы, звярнуцца ў адпаведную камісію з пытаннем: ці ёсць прэтэнзіі ў заканадаўцаў? Зноў-такі, не трэба блытаць гэта з нейкай індульгенцыяй, якую ён можа атрымаць. Гэта не так», — удакладніў ён.
«Ты вярніся і адкажы за тое, што ты зрабіў. Але пры гэтым заканадаўца дае магчымасці для змякчэння пакарання, для нейкіх рэчаў, якія могуць так ці інакш аблегчыць долю вось такога чалавека», — растлумачыў ён.
Чытайце таксама:
За месяц лукашысты дачакаліся «ажно» 23 зваротаў у «камісію па вяртанні». Але яны іх не цешаць
Ціханоўская: Рэжыму патрэбныя не людзі, а пакорлівыя падаткаплацельшчыкі