«Скаргаў няма, умовы адпавядаюць усім патрабаванням». Грамадская камісія наведала калонію ў Магілёве

Прадстаўнікі Рэспубліканскай грамадскай наглядальнай камісіі пры Мінюсце сумесна з прадстаўнікамі Генпракуратуры, Дэпартамента выканання пакаранняў МУС і іншымі наведалі Папраўчую калонію №15 у Магілёве. Як паведамляе Мінюст, гэта адбылося ў мэтах «ажыццяўлення грамадскага кантролю».

21.03.2023 / 12:15

Грамадская камісія наведала ПК №15 у Магілёве. Усе фота: minjust.gov.by

У ПК-15 утрымліваюць зняволеных, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ўпершыню.

«Умовы размяшчэння, харчавання, лячэння, арганізацыя вольнага часу асуджаных і іх працаўладкавання ў ПК №15 адпавядаюць усім патрабаванням, устаноўленым да сістэмы выканання пакаранняў. Падчас гутаркі з асуджанымі скаргаў і нараканняў на працу адміністрацыі папраўчай установы і ўмовы размяшчэння не паступала», — адсправаздачылася камісія.

Члены камісіі правялі анкетаванне асуджаных, а намеснік начальніка ўпраўлення Генпракуратуры асабіста прыняў грамадзян. Зняволеных цікавілі пытанні парадку адбывання пакарання, аспекты прымянення амністыі, магчымасць замены прызначанага пакарання мякчэйшым, паведамляе Генпракуратура.

Яна таксама ўдакладніла, што ў рамках рабочай паездкі пракурорскі работнік расказаў асуджаным аб ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Хто ўваходзіць у камісію сёння, невядома.

У ПК №15 утрымліваюць амаль 100 палітзняволеных, сярод іх Андрэй Скурко, Аляксандр Фядута і Дзяніс Івашын.

Nashaniva.com