Начальнік наваполацкай калоніі, дзе мучаць Ігара Лосіка, рос з ім у адным доме ў Баранавічах 

Андрэй Пальчык — былы начальнік наваполацкай калоніі №1. Па сведчаннях вязняў, гэта калонія мае самыя жорсткія ўмовы. І вось нюанс — даведзены да адчаю ў калоніі блогер Ігар Лосік, аказваецца, жыў з Пальчыкам у адным доме, а бацькі Пальчыка ўвесь гэты час хадзілі аднымі сцежкамі з бацькамі Лосіка і яго арыштаванай жонкі.

22.03.2023 / 09:20

Былы начальнік наваполацкай калоніі №1 Андрэй Пальчык

Вуліца Наканечнікава, паўночны раён Баранавіч. Ціхі жылы масіў з возерам, школамі і садамі. Побач вечна пусты Лядовы палац і Свяцілаўскае возера, у якім нельга плаваць, але ўсё роўна прыгожа. 

Ад шуму старой трасы Р2, якая вядзе на Мінск, раён аддзяляе невялікі гаражны масіў і рэдкая лесапаласа. Ад вялікага завода аўтаматычных ліній — чыгунка.

Мала што парушае спакой жыхароў, гэта класічны ціхі беларускі спальны раён. У гэтых дварах, ходзячы па адных сцежках, выраслі два зусім розныя чалавекі — Ігар Лосік і Андрэй Пальчык. 

Яны жылі ў адным даўжэзным доме нумар 33 на той самай вуліцы Наканечнікава. 

Лосік прапісаны ў першым корпусе, Пальчык — у другім. Але па факце іх кватэры раздзяляе літаральна пару пад'ездаў. Бацькі Пальчыка і цяпер там жывуць.

Пальчык вядомы сваёй жорсткасцю. 

«Начальнік на вачах падначаленых збівае людзей, здзекуецца з іх. Пры гэтым, думаю, ён атрымлівае ад сваіх дзеянняў асалоду. Гэта бачна па яго твары», — расказваў у інтэрв'ю блогер Аляксандр Кабанаў.

Днямі стала вядома, што Ігар Лосік парэзаў сабе рукі і горла. Як паведамляла «Свабода», Ігар нібыта адмовіўся «займацца прыборкай памяшкання», і яму прыгразілі, што змесцяць у ШІЗА. У адказ на гэта вязень дэманстратыўна ў прысутнасці іншых асуджаных лязом парэзаў сабе руку і шыю.

Таксама паведамлялася, што Пальчыка здымаюць з пасады і пераводзяць на працу ў іншае месца для асуджаных.

Чытайце таксама:

«Ключыца не так зраслася і костка ўпіраецца ў горла». Новыя сведчанні здзекаў са зняволеных у наваполацкай калоніі

Блогер Кабанаў, які сядзеў у наваполацкай калоніі, пра тое, чаму вязні не вытрымліваюць умоў там

Nashaniva.com