ДзяржСМІ паказалі падроблены пашпарт забітага ў Гродне. Распавядаем, каму ён належаў і як робяцца такія дакументы
дапоўнена
Пашпарт «Ламакіна», якога кадэбэшнікі забілі ў Гродне, паказала дзяржТБ. Вось што гэта за дакумент.
21.03.2023 / 18:28
Каму належыць пашпарт?
Калі праверыць дакумент па «злітых» базах расійскіх пашпартоў, то хутка можна знайсці яго сапраўднага ўладальніка. Гэта Уладзімір Ламакін з Забалоцця Калужскай вобласці 1986 года нараджэння.
«Ламакін» з дзяржСМІ і Уладзімір Ламакін, сапраўдны ўладальнік пашпарта. Фота: АТН, старонка ў «Аднакласніках» Уладзіміра Ламакіна
Сапраўдны Ламакін з 2011-га па канец 2013 года адбываў пакаранне за «арганізацыю наркапрытона» і «захоўванне (або вытворчасць) наркотыкаў у буйным памеры без мэты продажу». Некалькі разоў быў аштрафаваны за «хуліганства». Апошняе вядомае месца яго працы — ахоўнік у Калузе ў 2021 годзе.
Пашпарт з нумарам, які паказваюць дзяржСМІ даўно не дзейны. Ён ёсць у базе згубленых пашпартоў, прычым «згублены» ён не менш за дзесяць гадоў таму — з 2011-га года. А ў 2012-м (акурат калі мужчына быў у турме) яму выдалі новы.
А хто на фота?
Сапраўдная асоба чалавека на гэтым фота не вядомая.
Імаверна, на фота ў падробленым пашпарце псеўда-Ламакіна, які паказалі па дзяржТБ, — не грамадзянін Беларусі. Такі чалавек не адшукаўся па адкрытых звестках з сацсетак і па базе беларускіх пашпартоў, якая ёсць у «Кіберпартызан».
Як робяцца такія пашпарты і колькі яны каштуюць?
На фота так званы «пераклеены» пашпарт. То-бок, сапраўдны пашпарт, скрадзены або выкуплены ў рэальнага чалавека. З улікам таго, што пашпарт з такім нумарам ёсць у базе згубленых пашпартоў, пры любой праверцы ў Расіі чалавека з ім бы арыштавалі.
Таксама з такім пашпартам немагчыма прыехаць з Польшчы або любой трэцяй краіны, дзе ёсць памежны кантроль, вас проста арыштуюць на мяжы. Такім чынам, адзінае месца, адкуль тэарэтычна мог прыехаць «Ламакін» — гэта Расія.
Такія пашпарты можна замовіць у даркнэце. Гэта, бадай што, самыя танныя варыянты, іх кошт ад 20 да 50 тысяч расійскіх рублёў (250 — 600 еўра) у залежнасці ад «якасці» пашпарта і выканання паслугі. Усё, што магчыма замяніць у такім пашпарце, — гэта трэцюю старонку, дзе змяшчаюцца персанальныя звесткі.
Можна меркаваць, што калі кадэбэшнікі ведалі звесткі гэтага чалавека адразу, то, напэўна, ведалі і што даныя выдуманыя.
На АНТ заявілі, што асоба «Ламакіна» яшчэ вызначаецца.
У новым сюжэце таксама паведамілі, што мужчына спачатку прыбыў у Магілёў (меркавана, з 24 па 28 лютага), пасля ў Мінск і толькі потым зняў кватэру ў Гродне.
Чытайце таксама:
У Гродне быў забіты чалавек з падробным расійскім пашпартам — дзяржСМІ
«У чалавека вельмі дзіўны парык, ён кідаецца ў вочы» — Азараў пра гродзенскага «тэрарыста»