У Стаўрапалі знойдзены застрэленым Герой Расіі, які ўдзельнічаў у вайне ва Украіне ў 2014 годзе

Цела Героя Расіі Дзмітрыя Лісіцкага з агнястрэльным раненнем было знойдзена каля 10 раніцы 26 сакавіка ў яго кватэры ў Стаўрапалі, паведаміла сёння «База».

27.03.2023 / 10:50

Пра смерць Лісіцкага ўкраінскія СМІ напісалі ўчора. Яны расказалі пра гэта як пра «ліквідацыю» і «помсту за Ілавайск».

«Сёння ўкраінскія воіны зноў адпомсцілі за Ілавайск — ліквідавалі камандзіра 1-га батальёна 247-га дэсантна-штурмавага палка Дзмітрыя Лісіцкага», — 26 сакавіка напісаў украінскі журналіст Юрый Бутусаў.

«База» сёння выказала іншую версію — нібыта падпалкоўнік Дзмітрый Лісіцкі пакончыў з сабой.

Дзмітрый Лісіцкі камандаваў 1-м дэсантна-штурмавым батальёнам 247-га асаблівага казацкага дэсантна-штурмавога палка. Ён ваяваў у Абхазіі, Чачэніі, Югаславіі, Украіне і інш. У 2015 годзе за Ілавайск атрымаў званне Героя Расіі.

Nashaniva.com