Еўропу шантажуюць прызнаннем
У парламенце створана рабочая група для вывучэння пытання аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.
05.11.2009 / 11:45
У беларускім парламенце створана рабочая група для вывучэння пытання аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Адпаведнае рашэнне прыняла 5 лістапада рада палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Беларусі.
«4 лістапада на пасяджэнні камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД з удзелам членаў савета рэспублікі і прадстаўнікоў МЗС мы вывучылі стан гэтага пытання, — паведаміў кіраўнік камісіі Сяргей Маскевіч. — У выніку было прынята рашэнне аб стварэнні рабочай групы з прадстаўнікоў дзвюх палат парламента». Паводле яго слоў, мэта рабочай групы — «атрыманне дадатковай інфармацыі аб пытанні прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а таксама выпрацоўка рэкамендацый для разгляду гэтага пытання палатай прадстаўнікоў».
Маскевіч таксама паведаміў, што прынята рашэнне накіраваць дэлегацыю дэпутатаў палаты прадстаўнікоў і членаў савета рэспублікі ў камандзіроўку ў Грузію, Абхазію і Паўднёвую Асецію «для сустрэч з дэпутатамі, прадстаўнікамі выканаўчай улады, грамадзянамі, для вывучэння грамадскага меркавання, дзейнасці улад па забеспячэнні нармальнага жыцця ў рэспубліках». Камандзіроўка запланавана на 17—20 лістапада.
Акрамя таго, паводле слоў кіраўніка камісіі, «мэтазгодна вывучыць таксама ацэнку расійскім бокам меркаванняў на падзеі ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі». У прыватнасці, адзначыў ён, неабходна вывучыць ролю расійскіх міратворчых сіл у канфлікце, працэс антыкрызісных мерапрыемстваў у гэтых рэспубліках. Для вывучэння гэтага пытання дэпутаты будуць камандзіраваныя ў Расію для правядзення сустрэч у Дзярждуме.