Дырэктарцы «Белсату» адмовілі ў беларускай візе
05.11.2009 / 11:48
Агнешцы Рамашэўскай-Гузы, дырэктарцы тэлеканалу «Белсат» адмовілі ў выдачы беларускай візы.
Дырэктарка была запрошаная да удзелу ў «Менскім форуме», канферэнцыі палітыкаў, эканамістаў і лідэраў няўрадавых арганізацыяў, якая арганізуецца штогод ад 1997 г. Нямецка-беларускім таварыствам у супрацы з шэрагам нямецкіх фундацыяў і Амбасадай Федэральнай Рэспублікі Нямеччыны ў Менску. Сёлетні форум адбываецца ў днях 4-6 лістапада на тэму «Беларусь і Усходняе партнёрства ЕС».
Дырэктар «Белсату» не зможа прыняць удзел у «Менскім форуме», бо консульства Рэспублікі Беларусь у Варшаве адмовіла ёй у апошнюю хвіліну выдаць беларускую візу. Рамашэўска-Гузы расчараваная такім рашэннем: «Тое, што здарылася, гэта дрэнны прагноз для тэлеканалу «Белсат». Найверагодней, ён не будзе зарэгістраваны ў Беларусі і надалей можа быць пераследаваны».