2000 пажылых дам са Швейцарыі падалі ў ЕСПЧ скаргу на здароўе, клімат і ўрад
Еўрапейскі суд па правах чалавека ў сераду пачне разглядаць пазоў ад вялікай групы пажылых швейцарак, якія абвінавачваюць свой урад у тым, што ён недастаткова актыўна змагаецца са змяненнем клімату, і гэта парушае іх права на здароўе і нават на жыццё, піша Бі-бі-сі.
29.03.2023 / 07:24
Пазоў у ЕСПЧ падала арганізацыя KlimaSeniorinnen («Пажылыя жанчыны за клімат»). У яе ўваходзіць больш за 2000 жыхарак Швейцарыі, чый сярэдні ўзрост — 73 гады.
У Швейцарыі клімат цяплее хутчэй, чым у сярэднім па планеце, і KlimaSeniorinnen сцвярджае, прыклаўшы да пазову медыцынскія карты жанчын, што частыя хвалі спёкі пагражаюць іх здароўю і нават жыццю. Таму арганізацыя просіць ЕСПЧ абавязаць улады Швейцарыі больш энергічна скарачаць выкіды парніковых газаў.
У Швейцарыі KlimaSeniorinnen за апошнія шэсць гадоў ужо прайграла суды ва ўсіх інстанцыях аж да Вярхоўнага суда.
Урад Швейцарыі мае намер даказваць у ЕСПЧ, што пазоў не падлягае разгляду, так як правы пазоўніц не парушаныя ў дастатковай меры, каб звяртацца ў суд. Урад не адмаўляе, што змены клімату могуць уплываць на здароўе, але, згодна з яго аргументацыяй, у гэтым пытанні нельга вылучаць уплыў клімату менавіта на здароўе пажылых жанчын.
Калі Вялікая палата ЕСПЧ у сераду вырашыць прыняць пазоў да разгляду, і тым больш калі KlimaSeniorinnen у выніку выйграе, гэта можа стаць сур'ёзным прэцэдэнтам для ўсіх 46 дзяржаў, якія прызнаюць ЕСПЧ. Абаронцы клімату атрымаюць сігнал, што на ўлады можна спрабаваць ціснуць, акрамя іншага, і па юрыдычнай лініі абароны правоў чалавека.
Змяненне клімату — павышэнне сярэдняй тэмпературы атмасферы — ужо цяпер адчувальна ўплывае на жыццё людзей і ўсёй астатняй біясферы.
Навукоўцы лічаць, што для таго, каб пазбегнуць катастрафічных наступстваў, чалавецтву трэба стрымаць павышэнне сярэдняй тэмпературы ў межах 1,5 градуса Цэльсія да 2100 года.
Калі гэтага не атрымаецца зрабіць, то, напрыклад, Еўропе, па прагнозах экспертаў ААН, пагражаюць і небывалыя залевы з вялікімі паводкамі, і хвалі задушлівай спякоты з ляснымі пажарамі.
Чытайце яшчэ:
Не зафіксавана ні аднаго выпадку, каб чалавека вылечылі: хвароба Альцгеймера
Тры метады перамагчы інфармацыйную перагрузку ў свеце, поўным рэкламы і шкоднай інфармацыі