Пуцін плануе ядзерны ўдар па Усходняй Еўропе з тэрыторыі Беларусі — Фяльштынскі
Амерыканскі гісторык Юрый Фяльштынскі, аўтар кнігі «ФСБ узрывае Расію», лічыць, што ў Беларусі даўно ўсё падрыхтавана для выкарыстання ядзернай зброі і для яе захоўвання, сцвярджае, што Пуцін рыхтуецца да ядзернага ўдару па Еўропе з сакавіка мінулага года, і мяркуе, што інтэрвенцыя ў Беларусь сіламі саюзнікаў — самы хуткі і бяскроўны спосаб завяршыць распачатую вайну і спыніць расійскую агрэсію. З гісторыкам паразмаўляла «Радыё Свабода».
31.03.2023 / 10:48
Юрый Фяльштынскі
— Вы даволі даўно і пасьлядоўна заяўлялі, што Расея зьбіраецца разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі, каб менавіта з тэрыторыі Беларусі нанесьці ядзерны ўдар па эўрапейскіх краінах. Чаму ў вас была такая ўпэўненасьць? У вас былі пэўныя крыніцы інфармацыі ці проста абстрактны аналіз сытуацыі?
— Крыніцы інфармацыі ў нас ва ўсіх адны і тыя ж — заявы расейскага і беларускага кіраўніцтва плюс нейкія выказваньні расейскіх і беларускіх прапагандыстаў, якія на ўтрыманьні ў сваіх гаспадароў. Ніякіх іншых крыніц інфармацыі ў нас няма, ды нам яны і не патрэбныя. Усё адбываецца на нашых вачах. Лукашэнка год таму вывеў Беларусь зь бязьядзернага статусу. Ён жа неаднаразова казаў, што зьвернецца да Расеі з просьбай «вярнуць» ядзерную зброю, якую Расея вывезла ў 1995 годзе на падставе дамоўленасьцяў, дасягнутых з Украінай і Беларусьсю ў 1994 годзе («Будапэшцкі мэмарандум»).
Лукашэнка неаднаразова згадваў, што Польшча і Літва становяць пагрозу для Беларусі, і ў тым ліку ядзерную пагрозу (што чыстая хлусьня, але ён гэта казаў). Пасьля апошняга візыту Пуціна ў Менск Лукашэнка паведаміў, што беларускія самалёты будуць у Расеі пераабсталяваныя пад «спэцыфічныя боепрыпасы» (ракеты зь ядзернымі боегалоўкамі), якія будуць усталяваныя на беларускіх самалётах. Гэтыя самалёты былі адпраўленыя ў Расею і былі там адпаведным чынам мадэрнізаваныя. І вось зараз Пуцін абвясьціў, што — так, Расея перадысьлякуе ракеты зь ядзернымі боегалоўкамі для беларускіх самалётаў і «Іскандэры» ў Беларусь, дзе гэтая ядзерная зброя будзе знаходзіцца пад кіраваньнем і кантролем расейскага Міністэрства абароны.
Гэта ўсё адбылося на нашых вачах на працягу апошняга году, і заключны акорд ужо прагучаў. Рэч у тым, што ад разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі да нанясеньня ядзернага ўдару часавая дыстанцыя — усяго некалькі гадзін. Так што часу для прэвэнтыўнага рашэньня ўзьніклай пагрозы ў нас вельмі мала.
— Некаторыя спэцыялісты заяўляюць, што ўсё гэта досыць нерэальна — да 1 ліпеня падрыхтаваць усё неабходнае для разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. І яны робяць выснову, што гэтая заява Пуціна — хутчэй палітычная, чым рэальная. Што вы на гэта скажаце?
— Пра «1 ліпеня» мы пачулі з вуснаў Пуціна, і я б гэтую дату ўвогуле ігнараваў. «Сховішчаў» для ядзернай зброі будаваць увогуле ніякай неабходнасьці няма. Калі зараз нешта і будуць узводзіць у Беларусі «да 1 ліпеня», дык гэта бамбасховішчы для кіраўніцтва краіны, паколькі трэба будзе чакаць зваротнага ўдару па Беларусі сіламі NATO. Пуцін рыхтаваўся да апэрацыі па нанясеньні ядзернага ўдару па Эўропе з сакавіка мінулага году. У Беларусі даўным-даўно ўсё падрыхтавана для выкарыстаньня ядзернай зброі і для яе захоўваньня.
Так што «1 ліпеня» з вуснаў Пуціна можа аказацца адкрытай дэзынфармацыяй, каб «спэцыялісты» зараз разважалі, што пасьпее, а што не пасьпее зрабіць Расея да 1 ліпеня, і ці азначае гэта, што да 1 ліпеня «сапраўды» нічога не адбудзецца. Я б ня быў у гэтым так ужо ўпэўнены. Да 1 ліпеня шмат чаго можа адбыцца.
Калі б Пуцін хацеў перакінуць ядзерную зброю бліжэй да эўрапейскіх межаў у рамках «палітычнай заявы», як вы кажаце, ціску, шантажу — яму ня трэба было б разьмяшчаць ядзерную зброю ў іншай дзяржаве, у Беларусі, парушаючы, дарэчы кажучы, дамову 1995 году аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі, членам якой Расія зьяўляецца (таму Пуцін і падкрэсьліў, што гэта не перадача Беларусі ядзернай зброі, а перамяшчэньне падкантрольнай Расеі ядзернай зброі ў Беларусь). У рамках «палітычнай заявы», блефу і шантажу Пуцін перакінуў бы гэтую зброю ў Калінінградзкую вобласьць. Адтуль (паглядзіце на карту) і Польшчы можна пагражаць, і Літве, і Швэцыі зь Фінляндыяй, якой, між іншым, расейскае кіраўніцтва толькі што пагражала «сьмяротнымі наступствамі», калі яны ўступяць у NATO, і ўсёй астатняй Эўропе.
Так што, на жаль, перакіданьне ядзернай зброі ў Беларусь ня мае дачыненьня ні да палітычных манэўраў, ні да блефу, ні да шантажу. Гэта завяршальная фаза падрыхтоўкі ваеннай апэрацыі па нанясеньні ядзернага ўдару па Польшчы і Літве, як і папярэджваў Лукашэнка. Менавіта так трэба ацэньваць тое, што адбываецца.
— Пакуль што ЗША рэагуюць на паведамленьні пра магчымае разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі даволі стрымана. Чаму? Можа, вядзецца нейкі закулісны дыялёг з Крамлём?
— Закулісны дыялёг, я ўпэўнены, ідзе, і можна здагадацца, у чым ён заключаецца: аддайце нам Украіну, а інакш мы нанясём ядзерныя ўдары па Польшчы і Літве зь Беларусі. Што? Тады вы зьнішчыце Беларусь? Ды нас гэта ўвогуле не хвалюе (думаю, дарэчы, што Пуцін тут выкарыстаў іншае слова, на літару «е»). Мы Ўкраіну хочам, і нам важна там перамагчы любой цаной. (А потым мы ў Малдову рушым — але гэта ўжо шэптам гаворыцца, каб амэрыканцы ня чулі.) Дамовіліся?
Вось прыкладна той дыялёг, які цяпер вядзецца паміж Масквой і Вашынгтонам. Я ня схільны лічыць, што ЗША ў гэтым пытаньні саступяць Расеі. Будуць шукаць нейкае іншае рашэньне праблемы.
— Вы ўжо заявілі ў некаторых СМІ, што дзеля прадухіленьня ядзерных удараў рэакцыяй Захаду на магчымае разьмяшчэньне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі павінны стаць дзеяньні, накіраваныя на зрынаньне Лукашэнкі, гэта значыць — ваенная агрэсія супраць цяперашняй беларускай улады, перш за ўсё з боку Польшчы ці Ўкраіны. Але на сёньня такі варыянт гучыць досыць нерэалістычна. На вашу думку, гэта можа зьмяніцца? Зь якіх прычын?
— А ў нас усё апошнім часам, што тычыцца Расеі, спачатку гучыць «досыць нерэалістычна», а потым аказваецца самай што ні на ёсьць рэальнасьцю. Уварваньне Расеі ў Грузію ў 2008 годзе годам раней не здавалася рэалістычным. Уварваньне Расеі ва Ўкраіну ў 2014 годзе ў 2013-м таксама не здавалася рэалістычным. І ўжо тым больш нікому не здавалася рэалістычнай поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны ў лютым 2022 году. Цяпер жа ўсё гэта задняй датай здаецца вельмі рэалістычным і нават чаканым разьвіцьцём падзей, пагадзіцеся.
Я свой першы артыкул пад назвай «Трэцяя сусьветная» апублікаваў праз два дні пасьля ўварваньня Расеі ў Крым у сакавіку 2014 году. А кнігу пад назвай «Трэцяя сусьветная: бітва за Ўкраіну» выдаў у Кіеве ў 2015 годзе, і пісаў там, што ўварваньне Расеі ва Ўкраіну непазьбежна адбудзецца, прычым зь Беларусі. У 2015 гэта амаль нікому не здавалася рэалістычным сцэнаром. І нават у лютым 2022 году, перад уварваньнем, вельмі многія (ня будзем пералічваць прозьвішчы) вядомыя экспэрты сьцьвярджалі, што ўварваньня ня будзе і што яно немагчымае, таму што «нерэалістычнае».
Ваенную агрэсію супраць Беларусі ажыцьцявіла ў 2020—2021 годзе Расея, калі акупавала гэтую невялікую ўсходнеэўрапейскую краіну, якая зручна мяжуе адразу зь некалькімі іншымі ўсходнеэўрапейскімі дзяржавамі. Цяпер гаворка ідзе пра вызваленчую місію дзеля дэакупацыі Беларусі, а не пра «ваенную агрэсію супраць беларускай улады». Законная беларуская ўлада знаходзіцца цяпер за мяжой, а апазыцыя — за мяжой ці ў беларускіх турмах.
Гаворка ідзе пра тое, каб агульнымі намаганьнямі дапамагчы беларусам зрынуць дыктатара і ягоны рэжым і аднавіць у Беларусі дэмакратычную сыстэму кіраваньня дзяржавай, адначасова вызваляючы Беларусь з-пад расейскай акупацыі і ліквідуючы новую пагрозу — ядзернай атакі Расеі па Ўсходняй Эўропе з тэрыторыі Беларусі. Але ніякага іншага рашэньня ўзьніклай ядзернай праблемы, акрамя зрынаньня рэжыму Лукашэнкі і аднаўленьня дэмакратыі ў Беларусі, насамрэч няма. Усе астатнія рашэньні будуць мець катастрафічныя наступствы для Эўропы. Інтэрвэнцыя ў Беларусь сіламі саюзьнікаў — самы хуткі і самы бяскроўны спосаб завяршыць распачатую вайну і спыніць расейскую агрэсію.
— Вы лічыце, што ніякі варыянт гандлю з Лукашэнкам ужо немагчымы? Няма такой прапановы, ад якой ён «ня зможа адмовіцца»? Чаму? Таму што гэта ўсё той жа Лукашэнка, ці таму што ён зараз проста занадта залежны ад Расеі і ўжо нічога не вырашае — ва ўсякім разе, у такіх сур’ёзных пытаньнях?
— Мы ўжо перайшлі тыя межы, дзе магчымыя былі таргі і перамовы. Ня можа зараз быць ніякіх таргоў ні з Пуціным, ні з Лукашэнкам. З Пуціным перамоваў ня можа быць, таму што ён ваенны злачынца, які знаходзіцца пад міжнародным ордарам на арышт. З Лукашэнкам — таму што няма больш такога дзяржаўнага дзеяча ці нават дыктатара Лукашэнкі. Ёсьць дзяржаўны злачынца — здраднік беларускага народу, правакатар і здраднік, гатовы загубіць Беларусь у інтарэсах Пуціна (нават не Расеі, таму што ўсё, што робіць Пуцін, робіцца на шкоду інтарэсам Расеі, а менавіта ў інтарэсах Пуціна).
Бо ўдарам у адказ Беларусь будзе зьмецена зь зямлі, з усімі наступствамі. Але, як мы бачым, Лукашэнку гэта не турбуе. Зьвярніце ўвагу: абмяркоўваецца нанясеньне ядзернага ўдару па Польшчы і Літве і не абмяркоўваецца — наогул нікім — зваротная рэакцыя краін NATO. Як можна сабе ўявіць такое плянаваньне ваеннай апэрацыі, калі да ўсяго гэтага Лукашэнка мае хоць нейкае дачыненьне як кіраўнік Беларусі?
— Спроба адхіліць Лукашэнку ваенным шляхам можа выклікаць досыць рэзкія дзеяньні з боку Расеі. Тое, што яны могуць паслаць свае войскі на абарону Лукашэнкі — гэтага ўжо мала хто баіцца, улічваючы досьвед расейска-ўкраінскай вайны. Але хіба Масква ня можа нанесьці ядзерны ўдар па тых дзяржавах, якія пачнуць праводзіць ваенную апэрацыю супраць Лукашэнкі? Магчыма, гэта і будзе іх стрымліваць ад рэзкіх дзеяньняў супраць Лукашэнкі?
— Калі б Расея гатовая была нанесьці ядзерны ўдар па Эўропе і ЗША (і атрымаць зваротныя ўдары), яна б гэта ўжо зрабіла. Калі б Расея гатовая была ўварвацца войскамі ва Ўсходнюю Эўропу, яна б гэта ўжо зрабіла. Расеі не патрабуецца пасылаць войскі на абарону Лукашэнкі — гэтыя войскі ўжо там, як мінімум з 2020—2021 гадоў. Ці гатовая Расея ваяваць з войскамі NATO ў Беларусі? Па тым, як расейскія войскі ваююць ва Ўкраіне, мы ведаем, што не гатовая.
Ці будзе беларускае войска ваяваць на баку Пуціна супраць войскаў NATO ў Беларусі? Ня будзе, таму што ў авангардзе гэтых войскаў будуць беларускія злучэньні, якія ўжо ваююць ва Ўкраіне на баку УСУ з расейскімі акупантамі. Ці дастаткова для зрынаньня рэжыму Лукашэнкі і аднаўленьня дэмакратыі ў Беларусі задзейнічаць толькі беларускія злучэньні «палку Каліноўскага»? Недастаткова. Патрэбна яшчэ і падтрымка арміі Ўкраіны, а больш надзейна — калі яшчэ і падтрымка войскаў Літвы і Польшчы, якія зьяўляюцца часткай войскаў NATO.
І я б аддаў перавагу таму, каб ваенная апэрацыя па вызваленьні Беларусі была завершана да 1 ліпеня 2023 году. Бо не пазьней як у верасьні 2023 году Пуцін плянуе нанесьці па Ўсходняй Эўропе зь Беларусі ядзерны ўдар. Хоць, вядома ж, для многіх гэты сцэнар, як вы згадалі, «гучыць досыць нерэалістычна». Але, калі гэта ўсё «загучыць рэалістычна», будзе ўжо позна.
Што тычыцца ядзернага ўдару Расеі па Эўропе ў выпадку ўварваньня войскаў саюзьнікаў у Беларусь, то ён немагчымы з тых жа фармальных прычын, зь якіх немагчымы адказ NATO па тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ў выпадку нанясеньня ядзерных удараў па Эўропе зь Беларусі. Пуцін таму і не анэксаваў Беларусь усе гэтыя гады, каб можна было мець яе як незалежны буфэр на пачатковым этапе вайны з Захадам, калі Расея выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для вядзеньня ваенных дзеяньняў, а Захад працягвае лічыць Беларусь незалежнай дзяржавай і не парушае яе «цэласнасьці».
Чытайце таксама:
«З дапамогай «ядзернай дубінкі» Пуцін хоча паказаць усяму свету, што імперыя вярнулася»