Андрэй Скурко: Мы зразумелі вартасць звычайных, здавалася б, рэчаў і з’яў

Паўліна Скурко надрукавала ў інстаграме новую нізку мудрых разважанняў з турэмных лістоў свайго мужа Андрэя.

31.03.2023 / 23:14

Андрэй Скурко з сынам Тамашом

…Паглядзець матэрыяльную культуру майя — як і ўсё астатняе — у найлепшых музеях свету мяне вельмі натхняе. Буду пра гэта думаць.

Такая франклаўская методыка: памятаеш, як ён расказваў, як уяўляў, што выступае ва ўтульнай зале перад вялікай аўдыторыяй? (Хоць я, вядома, не ў такіх скрушных умовах, як ён, калі ўяўляю гэта).

…Пасля гэтага часу ўсё будзе іначай — так. А лепей будзе, бо мы зразумелі (хоць і раней разумелі, але не так востра) вартасць звычайных, здавалася б, рэчаў і з’яў.

І многія-многія зразумелі таксама.

Магчыма, якраз пра гэта пісаў Танк у праставатым на выгляд вершы «Простае шчасце людское».

Што да зменаў ува мне: цяпер ясна, чаму дзядуля Павел быў такім вясёлым, жыццярадасным і лёгкім чалавекам.

[Андрэеў дзядуля таксама прайшоў турму.]

…Нават гэтыя дні і месяцы (якіх усё меней і меней да нашай сустрэчы) не павінны быць страчанымі для шчасця, узаемнага абажання і адчування асалоды адно ад аднаго. І ад адчування паўнаты жыцця ў кожны момант.

Мы не «кансервуемся» да лепшых часоў, а жывём адно для аднаго і зараз. А калі абставіны зменяцца, проста працягнем гэта рабіць.

 …Законы эканомікі не абмінеш, як і змену сезонаў года. Калі вясна надыходзіць — яна абавязкова будзе, якія б маразы ні стаялі.

…Так хочацца быць побач з вамі — падтрымліваць, дапамагаць. І я ўпэўнены, што скора (калі б Бог не даў тое «скора») мы будзем разам.

Вельмі мудрая песня Качмарскага «O krok», што нельга губляць надзею, бо да яе рэалізацыі, магчыма, застаўся ўсяго крок.

…У вяршыні вялікіх і гонкіх дрэў маланка заўсёды б’е. І працяг: у вяршыні маленькіх і ніцых дрэў маланка ніколі не б’е. 

Калі на мяне часам нападае якая-небудзь паняверка, я думаю пра нашых гераічных сяброў і пра тое, як цяпер ім. Самыя цёплыя пажаданні і прывітанні перадавай.

Чытайце таксама:

Новыя вершы Андрэя Скурко, ілюстраваныя штучным інтэлектам

«Як раней не будзе. Будзе лепей». Выйшаў мерч з натхняльнымі цытатамі Андрэя Скурко

Андрэй Скурко сустракае юбілей за кратамі. Яго разважанні ў лістах дапамагаюць зразумець людзей і наш час

Тарас Шаўчэнка найбольшым сваім дасягненнем лічыў тое, што за дзесяць год салдатчыны ні на кроплю не змяніўся

Nashaniva.com