«Усё яшчэ жывы». Папу Францішка выпісалі са шпіталя
Папу Рымскага Францішка выпісалі са шпіталя пасля трох дзён знаходжання там з лёгачнай інфекцыяй, паведамляе ТАСС.
01.04.2023 / 12:16
Фота: Andrew Medichini / AP
Пры выхадзе з бальніцы пантыфік спыніўся, каб пагаварыць з журналістамі і прысутнымі каля ўваходу вернікамі. Ён адказваў на пытанні і жартаваў.
— Як вы пачуваецеся? — спыталі ў Францішка.
— Усё яшчэ жывы, ведаеце, — з усмешкай адказаў ён.
Пантыфіка шпіталізавалі некалькі дзён таму. У заяве Каталіцкай царквы тады было сказана, што ў апошнія дні ў пантыфіка былі цяжкасці з дыханнем, аднак кавід у яго не выяўлены. Францішак мае патрэбу ў «некалькіх днях неабходнага бальнічнага догляду», піша Ватыкан.
Цяпер у рабочым графіку 86-гадовага пантыфіка асабліва шмат падзей — з улікам падрыхтоўкі да Вялікадня, які сёлета будзе адзначацца 9 красавіка.
У гэтыя выхадныя ў Ватыкане павінна адбыцца служба з нагоды ўваходу Гасподняга ў Іерусалім (або імша Вербнай нядзелі).
У канцы красавіка Францішак таксама павінен здзейсніць візіт у Венгрыю.
Чытайце таксама:
Папа Францішак заснаваў для беларускіх грэка-католікаў Апостальскую адміністратуру
Папа Францішак паедзе ў Кіеў толькі тады, калі яго запросяць і ў Маскву