Ва Украіне пахавалі беларуса-добраахвотніка Данілу Ляшука «Маджахеда»

У баях за Украіну пад Бахмутам загінуў беларускі добраахвотнік Даніла Ляшук. Ён меў пазыўны «Маджахед», быў мусульманінам і меў крымінальнае мінулае. Сёння з'явілася паведамленне пра яго пахаванне.

04.04.2023 / 00:20

Пра смерць Данілы Ляшука яшчэ ў суботу паведамілі на яго старонцы ў тэлеграме. У рэлігійнай арганізацыі «Іслам ва Украіне» распавялі, што вайсковец быў смяротна паранены пад Бахмутам. 

Данііл Ляшук — грамадзянін Беларусі, родам з Берасця, ён прыехаў ва Украіну на пачатку расійскай агрэсіі ў 2014 годзе і ўступіў у новасфармаваны тады батальён «Тарнада». Праўда, рэпутацыя ў яго, як і ўвогуле ў гэтага падраздзялення, была не надта добрая.

У 2015 годзе Генеральная пракуратура Украіны ўстанавіла, што байцы «Тарнада» ў Луганскай вобласці выкрадалі людзей, гвалтавалі, забівалі, а таксама марадзёрствавалі. Роту расфармавалі, а 12 чалавек, у тым ліку і Ляшук, былі асуджаныя. У красавіку 2017-га беларус быў асуджаны да 10 гадоў турмы, але выйшаў на волю датэрмінова ў 2021-м.

У сакавіку 2022 года, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі, Данііл Ляшук «Маджахед» зноў трапіў на фронт. Да сваёй гібелі баец паспеў атрымаць раненне, калі дастаўляў у сваё падраздзяленне захопленага ў палон расійскага вайскоўца.

Гэта ўжо 20-ы беларус, які загінуў, ваюючы на ўкраінскім баку.

Nashaniva.com