Чуванцы: малы народ, прадстаўнікі якога ваююць ва Украіне з абодвух бакоў
Адзін з самых малалікіх народаў Расіі — з незвычайнай гісторыяй.
18.04.2023 / 21:48
Нядаўна я наткнуўся ў тэлеграме на ролік з запісам інтэрв'ю палонных расійскіх вайскоўцаў. Адзін з іх назваўся чуванцам. Я спачатку падумаў, што недачуў. Можа, тувінцам? Пераслухаў: не, чуванцам, а родам ён з Чукоткі. Палез шукаць: ёсць такі народ, аказваецца. З незвычайнай гісторыяй.
Сёння чуванцаў налічваецца каля 1300 чалавек.
Антраполагі адносяць чуванцаў да нашчадкаў карэннага насельніцтва Чукоткі — юкагіраў. Юкагіры — аўтахтоны Сібіры. Якуты, чукчы, каракі прыйшлі сюды пазней. Юкагіры былі першабытнымі людзьмі, тыя ж чукчы знаходзіліся на больш высокай стадыі сацыяльнага развіцця, у выніку юкагіраў адцяснілі ад акіяна.
Як самую ўсходнюю юкагірскую групу, чуванцаў моцна асімілявалі чукчы і каракі — моўна і этнічна. З пашырэннем расійскай каланізацыі чуванцы без асаблівага супраціўлення пагадзіліся плаціць новым уладам ясак, бо бачылі ў расейцах абаронцаў ад чукчаў, ад нападкаў якіх да таго пастаянна цярпелі.
Чуванцы перавозілі на аленях казённыя грузы і выступалі пасярэднікамі паміж рускімі і чукчамі, абменьваючы рускія тавары, у асноўным вырабы з металу (наканечнікі стрэл, дзід, сякеры, нажы, медныя катлы і інш.), на пушніну. У канцы XVII — пачатку XVIII стагоддзя чуванцы ўдзельнічалі ў ваенных паходах казакаў супраць чукчаў і каракаў.
У 1740—1750-х гадах, панёсшы сур'ёзныя страты, частка чуванцаў уцякла ад чукчаў і перабралася ў Ніжнекалымск. Яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя яны захоўвалі сваю этнічную свядомасць і качавы лад жыцця, але не ведалі роднай мовы. Пазней гэтая частка чуванцаў была асіміляваная тундравымі юкагірамі.
Іншая частка чуванцаў, што жылі ў вярхоўях Анадыра і яго прытокаў, а пазней на рацэ Пенжыне, была асімілявана каракамі-аленяводамі.
Нарэшце, трэцяя група чуванцаў, пацярпеўшы паразу ад чукчаў, разам з рускімі выйшла да Анадырскага астрога. Жанчыны-чуванкі бралі шлюб з расійскімі каланізатарамі ці проста жылі ў якасці наложніц. Пасля рашэння ўладаў ліквідаваць астрог чуванцы заснавалі недалёка ад яго (за 10 кіламетраў), на беразе Анадыра, сяло Маркава, дзе жывуць і да сёння.
Першыя звесткі пра чуванцаў можна знайсці ў паведамленнях з Анадырскага астрога. На сёння вядома 210 слоў чуванскай мовы, якія былі запісаныя ў XVIII стагоддзі. Але спецыялісты да сёння спрачаюцца, была гэта асобная мова ці дыялект юкагірскай.
У ХІХ стагоддзі вучоныя падзялялі чуванцаў у залежнасці ад заняткаў на аселых (сяло Маркава) і качавых.
Аселыя жылі ў пабудаваных на расейскі манер зрубных дамах без столі з плоскім дахам. Падлога ў жытле была земляная, яе засцілалі аленевымі шкурамі. У жытле рабілі ачаг (чувал) з жэрдак, абмазаных глінай. Замест шкла на вокны ставілі тонка вычыненыя шкуры аленяў ці кішкі кіта, якія куплялі ў чукчаў. У маразы да вокнаў прымарожвалі крыгі ў форме квадрата, што дапамагала захаваць цяпло ў хаце. Спалі на ложках з дрэва (урунах), нарах, лавах, слалі на падлозе пярыны, выкарыстоўвалі падушкі, накрываліся коўдрамі з заячага футра. У некаторых гаспадароў былі лазні.
У сяле Маркава чуванцы размаўлялі на мясцовым дыялекце рускай мовы. На святы пяклі пірагі, хлеб. З напояў ужывалі брагу (бурдук), пілі ў вялікай колькасці чай. Усё гэта дало падставы ўладам царскай Расіі ў канцы ХІХ стагодзя лічыць чуванцаў нашчадкамі казакаў. У сяле была адкрытая школа на рускай мове. Асіміляцыя была настолькі моцнай, што нават у наш час сярод аселых чуванцаў захаваліся старадаўнія рускія песні і казкі, якія часта не вядомыя сярод этнічных рускіх.
Чуванцы святкавалі хрысціянскія святы, ладзілі хрысціянскія вяселлі і пахаванні. Аднак пахавальны абрад, хоць і выконваўся ў праваслаўным абрадзе, меў пэўную мясцовую спецыфіку. Так, нябожчыку-мужчыну клалі тытунь, а жанчыне — прыладу для рукадзелля. Захаваліся ў іх і элементы старажытных вераванняў. Так, кожную весну чуванцы прыносілі ахвяры рэчцы Анадыр, кідаючы ў яе падчас ледаходу падарункі: чай, мяса, тлушч.
Дзяўчына-чуванка. Фота: Аляксандр Хімушын. Інстаграм. Праект: #Химушин_Мирвлицах
Аселыя чуванцы, як і іх продкі, працягвалі займацца рыбылоўствам і гандлем. У чэрвені ў чаканні чырвонай рыбы цэлымі сем'ямі хадзілі на рэкі, дзе заставаліся на час ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў, лавілі і сушылі злоўленую рыбу.
Увосень, падчас міграцыі паўночных аленяў, палявалі на звяроў, пераплываючы рэкі. Паляванне на іншых жывёл мела меншае значэнне. Славіліся яны яшчэ і гадаваннем ездавых сабак.
Качавыя чуванцы працягвалі разводзіць аленяў і жыць у ярангах, прытрымлівацца старажытных павер'яў і прыслухоўвацца да шаманаў. У іх рэлігійнай практыцы захаваліся элементы старажытнага анімізму і рытуалы ахвярапрынашэння.
За часамі савецкай улады гэты народ знік з афіцыйнай статыстыкі. Чуванцаў яшчэ зафіксаваў перапіс насельніцтва 1926—1927 гадоў у колькасці 707 чалавек (з іх 55 % былі аселымі), а пазней (да 1989 года) іх запісвалі як рускіх ці чукчаў. Аднак народ пры гэтым захаваў сваю нацыянальную свядомасць! Па выніках перапісу 1989 года да чуванцаў сябе залічвалі 1511 савецкіх грамадзян. З іх 1384 пражывала ў Расіі (944 — у Чукоцкай аўтаномнай акрузе).
У 1993 годзе гэты народ быў уключаны ў спіс карэнных малалікіх народаў Расіі. У 2010 годзе ў Расіі іх налічвалася трохі больш за тысячу чалавек (1002).
Адметна тое, што, акрамя Расіі, чуванцы жылі — дзе б вы думалі? Ва Украіне! Усеўкраінскі перапіс насельніцва 1989 года года зафіксаваў 35 чуванцаў. А перапіс 2002 года паказаў рост больш чым у 6 разоў — 226 чалавек. Гэткі вынік міграцыі ў межах былога СССР. Прыжылася недзе некалькі чуванскіх сямей — да іх пераехалі іншыя. Так што ў сённяшняй вайне чуванцы, відаць, ваююць па абодва бакі.
Чытайце яшчэ:
Як літвіны заваёўвалі царам Сібір. Не ўсім шанцавала: некаторых забілі і засушылі на памяць чукчы
Нашто мыць ногі, калі можна пахадзіць па расе: погляды на гігіену ў колішніх палешукоў