18 дзяўчатак і 5 хлопчыкаў сталі ахвярамі педафіла ў Мазыры

39-гадовы мужчына пад выглядам падлетка зарэгістраваўся ў сацыяльнай сетцы і знаёміўся са школьніцамі. Абвінавачаны «адукоўваў» іх на тэму сэксуальных адносін, высылаў парнаграфічныя матэрыялы, прасіў зняць для яго пікантны кантэнт. Дзвюх дзяўчатак угаварыў на асабістую сустрэчу, паведамляе СК.

03.04.2023 / 10:09

Па даных следства, мужчына шукаў акаўнты непаўналетніх дзяўчатак, уступаў з імі ў перапіску, «прасвятляў» на тэму сэксуальных адносін, прапаноўваў абмяняцца пікантнымі фатаграфіямі, рассылаў парнаграфічнае відэа са сваім удзелам. Ён настойліва заклікаў школьніц да асабістых сустрэч.

Дзве дзяўчынкі паддаліся на ўгаворы і некалькі разоў сустрэліся з ім у малалюдных месцах. Адна з іх пры спробе спыніць зносіны сутыкнулася з шантажом і пагрозамі. Абвінавачаны разаслаў кампраметуючую інфармацыю некалькім яе сябрам і знаёмым. Пасля гэтага дзяўчынка расказала пра пастку бацькам. Мужчына аказаўся пад следствам.

У ходзе расследавання крымінальнай справы ўстаноўлена 47 эпізодаў злачыннай дзейнасці абвінавачанага, учыненых у перыяд з красавіка па верасень 2022 года.

Пацярпелымі прызнаныя 18 дзяўчынак і 5 хлопчыкаў 11—16 гадоў, якія навучаюцца ва ўстановах адукацыі Мазырскага раёна.

Мужчына быў індывідуальным прадпрымальнікам. Разведзены.

На падставе сабраных па справе доказаў жыхару Мазырскага раёна выстаўленае абвінавачанне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яго ўзялі пад варту.

Nashaniva.com