«За пустую кватэру заплаціў пад 190 рублёў, не працаваў нават халадзільнік». Беларускія дальнабойшчыкі ў шоку ад сваіх жыровак
Пасля таго, як у спіс «дармаедаў» патрапілі кіроўцы-дальнабойшчыкі, якія працуюць у еўрапейскіх фірмах, ім выстаўляюць вялізныя рахункі за камуналку.
04.04.2023 / 10:02
«Замест 60 рублёў за месяц мне давядзецца заплаціць пад 190»
Згодна з пастановай Саўміна № 166 ад 25 сакавіка 2022 года, беларусы, якія з'ехалі з краіны больш чым на 30 дзён і не занятыя ў эканоміцы, мусяць аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі ў поўным аб'ёме. Выключэнне — тыя, хто выехаў на аздараўленне або лячэнне.
У спіс «дармаедаў» трапляюць і тыя, хто афіцыйна працуе ў краінах ЕС. Гэта значыць, што яны таксама павінны плаціць за камуналку на поўную. Ад аплаты па павышаных тарыфах вызваляюць толькі тых, хто выехаў на працу ў краіны ЕАЭС.
Праз гэта беларускія дальнабойшчыкі, якія працуюць у еўрапейскіх фірмах і маюць нерухомасць у Беларусі, аказаліся ў цікавым становішчы.
Чытач распавёў, што быў моцна здзіўлены, калі пасля вяртання з чарговай кадэнцыі даведаўся, што яму пералічылі жыроўку за люты.
«За кватэру, у якой ніхто не жыве, цяпер замест 60 рублёў за месяц мне давядзецца заплаціць пад 190», — абураецца мужчына.
Мужчына кажа, што паколькі ён жыве адзін, то ў той час, калі ён па 2-2,5 месяца знаходзіцца ў Еўропе, у кватэры не працуе нават халадзільнік, таму агучаная сума выходзіць за камунальныя паслугі з нулявым спажыванне вады, газа і электрычнасці.
«Добра было б прадаць кватэру да наступнага ацяпляльнага сезона»
Іншы суразмоўца, які таксама апошнім часам стаў атрымліваць жыроўкі па павышаным тарыфе, працуе кіроўцам у Польшчы, куды ўжо паспеў перавезці жонку і дзіця.
«Асабліва адчувальна сумы павялічыліся з надыходам зімы. За люты за камуналку трохпакаёўкі, дзе ніхто не жыве, нам давялося заплаціць 300 рублёў. Да пераразліку ніколі больш за 100 рублёў за пустую кватэру не выходзіла», — кажа ён.
Мужчына кажа, што такія тарыфы падштурхоўваць ягоную сям'ю да таго, каб пазбавіцца нерухомасці ў Беларусі.
«Плаціць па сто еўра ў месяц за пустую кватэру — так сабе задума. Гэтай зімой мы пачалі сурʼёзна задумвацца над тым, што добра было б прадаць кватэру да наступнага ацяпляльнага сезона», — дзеліцца мужчына.
Ці варта цяпер разглядаць куплю нерухомасці як добрую інвестыцыю і сродак зберажэння накапленняў?
Набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец збудаваў комплекс насупраць Палаца Незалежнасці. Вось як ён выглядае
«Найлепшы загарадны дом у Беларусі, прэміум-клас!» Якія дамы прадаюць на беразе Нарачы