Пяскоў адказаў, хто будзе кантраляваць ядзерную зброю ў Беларусі

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў на просьбу ўдакладніць, хто будзе кантраляваць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі, заклікаў арыентавацца на заявы прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ў інтэрвʼю журналісту Паўлу Зарубіну.

03.04.2023 / 14:32

 

Аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр» у беларускім войску. Фота: Мінабароны

У інтэрвʼю Паўлу Зарубіну 25 сакавіка Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква і Мінск дамовіліся размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, пра што «даўно прасіў» Аляксандр Лукашэнка. Паводле прэзідэнта Расіі, будаўніцтва спецыяльнага сховішча для гэтых узбраенняў скончыцца да 1 ліпеня 2023 года.

Пуцін удакладніў, што Расія не перадае Беларусі тактычную ядзерную зброю, а толькі размяшчае яе, што дазваляе не парушаць дамоўленасці аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. 

«Мы не перадаем. І ЗША сваім саюзнікам не перадаюць. Мы, у прынцыпе, робім усё тое самае, што яны рабілі дзесяцігоддзямі. Яны маюць у пэўных краінах саюзнікаў і рыхтуюць іх носьбіты, іх жа рыхтуюць экіпажы. Мы тое ж самае збіраемся рабіць», — сказаў ён.

Але раней агучваліся іншыя меркаванні. Рашэнне пра прымяненне ядзернай зброі будзе прымацца Беларуссю і Расіяй сумесна, заяўляў генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў. «Будзе двайная кнопка для рашэння аб прымяненні: будуць вырашаць і ў Расіі, і ў Беларусі», — сказаў Лебедзеў.

Лукашэнка таксама выказаўся пра ядзерную зброю: паводле яго, яе не проста размесцяць на тэрыторыі Беларусі, гэта будзе яго зброя.

Амбасадар РФ у Менску Барыс Грызлоў заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі будзе прысунута да заходніх межаў Саюзнай дзяржавы.

Nashaniva.com