«За шэсць тыдняў даведалася больш, чым за пяць гадоў універсітэта». Настаўніца з Баранавіч паехала па абмене ў ЗША і змяніла жыццё
Ураджэнка Баранавічаў, 33-гадовая Таццяна Сергель, адмовілася ад стабільнай працы ў сістэме адукацыі дзеля мары паехаць на вучобу ў Амерыку. Чаму, каб патрапіць на стажыроўку за мяжу, прыйшлося звальняцца са школы, у чым адукацыя ў Беларусі выйграе, а ў чым — прайграе амерыканскай, і як паездка змяніла жыццё, Таццяна распавяла Intex-press.
05.04.2023 / 10:48
Ураджэнка Баранавіч, 33-гадовая Таццяна Сергель, на праграме абмену ў ЗША. Усе фота: асабісты архіў Таццяны
Таццяна прапрацавала настаўніцай англійскай мовы ў адной з баранавіцкіх школ каля 10 гадоў. Яна любіла сваю працу і імкнулася быць добрым педагогам для сваіх вучняў. Але і аб уласным развіцці жанчына не забывала і заўсёды шукала магчымасці даведацца нешта новае, паўдзельнічаць у розных адукацыйных мерапрыемствах па-за школай. На адной з такіх сустрэч у Баранавічах Таццяна пазнаёмілася з удзельнікам праграмы, які прыехаў па абмене ў Беларусь з ЗША.
— Мне стала цікава, што гэта за праграма, таму я адразу пачала шукаць усё магчымае пра яе ў інтэрнэце. Аказалася, каб стаць удзельнікам, трэба мінімум пяць гадоў працаваць выкладчыкам (не абавязкова англійскай) на поўную стаўку, а таксама прайсці TOEFL (міжнародны тэст, які пацвярджае ўзровень ведання англійскай мовы) на высокі бал, запоўніць анкету і даказаць, што сапраўды працавала настаўнікам, — расказвае жанчына. — Па ўсіх гэтых параметрах я падыходзіла, таму, доўга не разважаючы, вырашыла адправіць заяўку і чакаць адказу.
«Праца ў школе была важная, але і такую магчымасць я ніяк не магла ўпусціць»
Стаць удзельнікам праграмы Таццяне ўдалося толькі з другой спробы, а падрыхтоўчы этап заняў не менш за год.
— Спачатку мне трэба было запоўніць анкету, на гэта я выдаткавала некалькі дзён, бо ў анкеце было вельмі шмат пытанняў і мне хацелася максімальна разгорнута на ўсе адказаць, каб паказаць арганізатарам: паехаць на стажыроўку ў Амерыку павінна менавіта я, — успамінае Таццяна. — Затым я патрапіла на наступны этап — інтэрвʼю па відэасувязі. Апошняе, што трэба было зрабіць, здаць іспыт па англійскай мове.
Прайшоўшы ўсе этапы, Таццяна атрымала на электронную пошту «запаветны ліст», што яна абраная для ўдзелу ў праграме абмену для выкладчыкаў восенню 2022 года.
— Эмоцыі былі проста неапісальныя! Я не магла паверыць, што прайшла такі вялізны шлях і стала ўдзельнікам шасцітыднёвай акадэмічнай праграмы абмену, — успамінае жанчына.
Сваёй радасцю Таццяна паспяшалася падзяліцца з кіраўніцтвам школы, у якой працавала.
— Аднак я не атрымала падтрымкі, наадварот, мяне не хацелі адпускаць, — кажа Таццяна. — Больш за ўсё ўразіла, што ніхто не мог выразна растлумачыць, з якой прычыны такое негатыўнае стаўленне да майго ўдзелу ў праграме… Таму перад тым, як зʼехаць у Амерыку, я вымушана была звольніцца па ўласным жаданні. Праца ў школе для мяне была важная, але і такую магчымасць я ніяк не магла ўпусціць.
Звальненне, як аказалася, было не апошнім сурʼёзным выпрабаваннем, праз якое Таццяне прыйшлося прайсці на шляху да сваёй мары.
— Пакуль я праходзіла ўсе этапы адбору, у Мінску закрылі пасольства ЗША. Я думала, што гэта канец, бо зараз я не змагу адкрыць візу, а значыць нікуды не паеду, — успамінае Таццяна. — Аднак арганізатары праграмы знайшлі рашэнне: купілі мне білет на самалёт у Арменію. У Ерэване я змагла адкрыць амерыканскую візу і ўжо адтуль вылецець наўпрост у ЗША. Увогуле, гэта была тая яшчэ прыгода!
«Адчувала сябе актрысай нейкага амерыканскага фільма ці серыяла»
Вучыцца Таццяну размеркавалі ва ўніверсітэт Паўночнай Караліны ў горад Грынзбара. Разам з ёй у праграме ўдзельнічаў 21 чалавек з 21 краіны (у спісе краін былі Афрыка, Мазамбік, Вʼетнам, Венесуэла, Калумбія, Ірак, Расія). Самаму малодшаму ўдзельніку было 30 гадоў, самаму старэйшаму — 50.
— Размясцілі нас у гасцініцы ў пакоях па два чалавекі. Я жыла з дзяўчынай па імі Карла з Чылі. Мне вельмі пашанцавала з суседкай. Мы да гэтага часу перыядычна стэлефаноўваемся па відэасувязі і ўвогуле сталі добрымі сяброўкамі, — смяецца Таццяна.
У амерыканскім універсітэце, апроч удзелу ў адукацыйных лекцыях і семінарах, Таццяна дзялілася з іншымі ўдзельнікамі праграмы сваім выкладчыцкім досведам, тлумачыла, як арганізавана беларуская сістэма адукацыі, распавядала пра культуру, традыцыі і звычаі Беларусі, нацыянальныя сімвалы, а таксама пра свой родны горад. Яна жартуе, што «цяпер як мінімум 21 чалавек з розных куткоў планеты ведае, што ёсць такі горад, як Баранавічы».
— Яшчэ я праходзіла тыднёвую стажыроўку ў амерыканскай школе для старшакласнікаў. Было цікава даведацца, як у іх арганізаваны адукацыйны працэс, як выглядае сама школа, тая ж спартзала, калідоры, шафкі і ці сапраўды дзеці апранаюцца на заняткі так, як хочуць. Я была ў захапленні ад таго, што ўбачыла, і адчувала сябе актрысай нейкага амерыканскага фільма ці серыяла!
За час праграмы, адзначае Таццяна, яна змагла поўнасцю пагрузіцца ў культуру ЗША: ела тыповую амерыканскую ежу, гуляла ў гульні, у якія гуляюць амерыканцы, выязджала за горад на ўік-энд. Універсітэт арганізаваў для ўдзельнікаў праграмы паездку ў Атланту, сталіцу штата Джорджыя, а перад адʼездам дадому Таццяне з іншымі студэнтамі ўдалося зʼездзіць на некалькі дзён у Нью-Ёрк і пабываць у Вашынгтоне на заключнай сесіі з падвядзеннем вынікаў і ўручэннем дыпломаў.
— За шэсць тыдняў я даведалася больш, чым за пяць гадоў вучобы ва ўніверсітэце. Гэтая паездка была самай неверагоднай прыгодай усяго майго жыцця! — не хавае эмоцый Таццяна.
«Нават сярэдні беларускі вучань больш развіты, чым лепшы ў ЗША»
Таццяна прызнаецца, што «калі ехала ў ЗША, думала, што сістэма адукацыі ў Беларусі — самая горшая, а ў Амерыцы — самая лепшая». І, гаворыць яна, так думалі амаль усе ўдзельнікі праграмы.
— Але за час праграмы я знайшла шмат пазітыўных рэчаў у беларускай сістэме адукацыі. Той жа дзелавы стыль адзення, а таксама элементарныя правілы этыкету, якія фарміруюць у дзяцей пэўную дысцыпліну і павагу да выкладчыка. У Амерыцы такога няма, — кажа жанчына. — Тут вучань можа прыйсці на ўрок у піжаме або зайсці пасля званка і сесці на сваё месца, ні слова не сказаўшы. Для мяне гэта было, мякка сказаць, нязвыкла.
Таксама Таццяна заўважыла, што ў Амерыцы школьнікі, у асноўным, займаюцца самастойным пошукам інфармацыі: ва ўсіх ёсць ноўтбукі, усё робіцца ў электронным выглядзе і адпраўляецца настаўніку.
— Вядома, дзякуючы гэтаму яны ведаюць, дзе што хутка знайсці. Але пры гэтым мала камунікуюць паміж сабой і разважаюць самастойна. Гэта, як па мне, таксама мінус, — лічыць Таццяна.
Багацце ў праграме «лішніх прадметаў», за якое часта лаюць беларускую адукацыю, настаўніца лічыць плюсам, бо «дзіця выпускаецца са школы ўсебакова развітае».
— Я магу дакладна сказаць, што нават сярэдні беларускі вучань будзе больш кемлівы і развіты, чым самы лепшы вучань у ЗША. Так, амерыканскія школьнікі ведаюць усё пра сваю краіну, але калі выходзіць за яе межы… Напрыклад, многія нават не скажуць, чым адрозніваецца мора ад акіяна, — кажа Таццяна.
Тры рэчы, якія беларуская сістэма адукацыі магла б пераняць у амерыканскай
Параўноўваючы амерыканскую сістэму адукацыі з беларускай, Таццяна зазначае, што ў нашых школах «настаўнікам не хапае творчай свабоды, а дзецям — творчых заняткаў і развіцця крытычнага мыслення».
— У нашых школах не шануюць самаразвіццё настаўнікаў, любая ініцыятыва, якая адыходзіць ад звыклага ўсталяванага плана, не вітаецца, — удакладняе жанчына. — Таксама, я думаю, школьнікам не хапае сапраўды цікавых і карысных заняткаў, звязаных з творчасцю і ўбудаваных у навучальную праграму. Нашы гурткі часта не маюць ніякай сувязі з рэальнымі патрэбамі сучаснага свету. У той час як у ЗША дзеці могуць вучыцца граць на барабанах, вывучаць лагістыку ці збіраць дроны, каб адразу пасля выпуску мець нейкую запатрабаваную прафесію і зарабляць свае першыя грошы.
Акрамя гэтага, лічыць Таццяна, з амерыканскай сістэмы адукацыі «можна было б пераняць магчымасць школьнікам выказваць сваё меркаванне на ўроках па тых ці іншых пытаннях».
— У ЗША школьнікам даюць магчымасць знайсці розную інфармацыю, як «за», так і «супраць», каб яны, вывучыўшы абодва бакі, маглі самастойна зрабіць нейкія высновы і выказаць сваё меркаванне, — адзначае жанчына.
«Са школай не па дарозе»
У цэлым, параўноўваючы жыццё ў Амерыцы і ў Беларусі, Таццяна адзначае, што «ў амерыканцаў ёсць свабода думкі, свабода дзеяння, вітаецца любое развіццё».
— Але ў той жа час я не магу адназначна адказаць, ці хацела б я жыць у Амерыцы, бо мінусаў тут таксама хапае. Напрыклад, у ЗША свабоднае нашэнне зброі законнае ў большасці штатаў. Гэта мяне палохае, я не адчуваю сябе ў бяспецы, — разважае жанчына.
Па словах Таццяны, пасля таго, як дзеля паездкі за мяжу ёй прыйшлося звольніцца з працы, яна зразумела, што ёй «са школай больш не па дарозе».
— У мяне адпала жаданне выкладаць у якой-небудзь школе нашага горада. Я зразумела, што да мяне і маіх патрэб, майго жадання займацца самаразвіццём і павышаць сваю кваліфікацыю педагога ўсюды будзе прыкладна адно і тое ж стаўленне, — кажа Таццяна.
Таму, вярнуўшыся пасля завяршэння праграмы ў Беларусь, дзяўчына пайшла на курсы тэсціроўшчыкаў і ў канцы 2022 года зʼехала працаваць у IT-сферу ў Польшчу.
— Маё добрае валоданне англійскай і ўдзел у праграме абмену згулялі мне на руку, я хутка працаўладкавалася. Новая праца мне вельмі падабаецца: тут мяне шануюць, ёсць рост як у карʼеры, так і ў зарплаце, — адзначае яна.
Таццяна кажа, што праграма абмену змяніла яе жыццё, і яна ні разу не пашкадавала, што звольнілася з ранейшага месца працы.
— Дзякуючы праграме, я пашырыла свой кругагляд, палепшыла веды англійскай, даведалася пра мноства крутых методык і з велізарным задавальненнем прымяніла б усе атрыманыя веды ў сваёй працы педагогам, але, на жаль, у школе я не атрымала падтрымкі, на якую разлічвала, — кажа жанчына. — Не ведаю, можа, калі ў нашай сістэме адукацыі нешта зменіцца, я калі-небудзь вярнуся працаваць настаўнікам.