У Гродне вызвалілі фанатаў хакейнага «Нёмана». Некаторыя вярнуліся на трыбуны

Апошняга затрыманага фаната хакейнага «Нёмана» вызвалілі 5 красавіка, усіх астатніх выпусцілі на дзень раней. Некаторыя з фанатаў нават паспелі на гульню і падтрымалі каманду.

06.04.2023 / 13:55

Фота: Most

Вяртанне актыўных заўзятараў на трыбуны заўважылі хакеісты і трэнерскі штаб гродзенцаў, паведамляе «Мост».

Хакейны «Нёман» у першых матчах паўфіналу плэй-оф чэмпіянату Беларусі застаўся без фанацкага актыву — лідара руху Сяргея Емяльянава і яшчэ каля дзясятка заўзятараў сталі затрымліваць у Гродне з 9 сакавіка.

Усе фанаты, якія былі затрыманыя ў сакавіку, знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Абвінавачанне фанатам не было выстаўлена. У сярэднім яны правялі па 15 сутак у зняволенні, хтосьці больш часу. Прычына затрымання фанатаў у Гродне дагэтуль невядомая.

Вяртанне фанацкага сектара на трыбуны ў Гродне надало ўпэўненасці хакеістам «Нёмана»: 4 красавіка ў пятым матчы паўфіналу плэй-оф гродзенцы ў родных сценах абыгралі «Юнацтва» і захавалі шанцы на барацьбу за выхад у фінал.

Nashaniva.com