Тарталеткі з рознай начынкай — на выпадак нечаканых гасцей
Галоўнае, што вам спатрэбіцца, — формы для выпечкі або гатовыя тарталеткі. Напоўніць іх можна рознай начынкай — няхай кожны выбера тое, што яму даспадобы.
25.04.2023 / 07:37
Фота: elmundoeats.com
Адзін са шматлікіх варыянтаў цеста для пясочных тарталетак (тут з разлікам на вялікую колькасць, таму калі вам не трэба шмат, можна паменшыць складнікі ў два разы):
- 2 яйкі,
- 2 ст. л. малака,
- 200 г масла,
- 400 г мукі,
- 1 ч. л. солі.
Як гатаваць
У глыбокай місцы змяшайце 2 яйкі і малако.
Дадайце размякчанае масла.
Змяшайце ўсё калатоўкай, а яшчэ лепш міксерам. Моцна ўзбіваць не трэба, дастаткова проста давесці да больш-менш аднароднага стану.
Паступова дадавайце муку і размешвайце міксерам ці калатоўкай.
Дадайце соль.
Калі цеста стане тугім, пачынайце замешваць яго рукамі.
Раскатайце цеста на паверхні стала, вазьміце форму для тарталетак і выразайце яе вострай часткай у цесце адпаведныя формы (падобныя да хвалістых акружнасцяў). Кожнае такое колца кладзіце ў форму і прыціскайце па дне і баках формы, прыдаючы форму тарталеткі.
Выпякайце ў духоўцы пры 200°С 25 хвілін.
Тарталеткі з курыцай і спаржай. Фота: louisesmadblog.dk
А вось некалькі ідэй, чым напоўніць тарталеткі:
- чырвоная ікра + тварожны сыр + кроп,
- курыца + грыбы + яйкі + цыбуля,
- яйкі + сыр + зялёная цыбуля + часнок,
- тварожны сыр + авакада + чырвоная рыба,
- печань траскі + яйкі + агурок + плаўлены сыр + зеляніна,
- тунец + яйкі + кукуруза + зеляніна,
- тварог + кінза + зялёная цыбуля + часнок + кроп,
- курыца + ананас + сыр,
- крабавыя палачкі + яйкі + сыр + часнок + маянэз,
- памідоры + сыр + кукуруза + часнок + зеляніна + маянэз або ёгурт,
- сыр фета + памідоры чэры + агурок + зеляніна + часнок,
- морква па-карэйску + яйкі + сыр + маянэз + зеляніна.
Смачна есці!
Чытайце яшчэ:
Рэцэпты велікоднага стала: крашанкі, паска, запечанае мяса
Рэцэпт на выхадныя. Тарт фламбэ — смак Эльзаса
Рэцэпт на выхадныя. Кіш з сыру і цыбулі — простая французская страва