Фігуры герояў «Белых росаў» у Гродне паставяць у іншым месцы і дапоўняць кампазіцыю

5 красавіка ў Гродне пачалі ўсталёўваць на новым месцы скульптуры герояў фільма «Белыя Росы». Іх цяпер размесцяць у парку «Белыя росы», а кампазіцыю дапоўняць умоўнай хатай Фядоса — часткай пабудовы з дахам, паведамляе Hrodna Life.

06.04.2023 / 22:38

Кампазіцыю, прысвечаную фільму «Белыя Росы», паставілі ў маі 2018 года ў гродзенскім мікрараёне Дзевятоўка, на скрыжыванні вуліц Курчатава і Дзяржынскага. У 1983 годзе менавіта тут здымалі фільм, паводле сюжэту якога вёска адступала пад ціскам горада.

Драўляныя фігуры Фядоса, Цімафея, а таксама сабакі Валета маюць знешняе падабенства да актораў, што выконвалі галоўныя ролі ў кіно — Усевалада Санаева і Барыса Новікава. На іх зафіксаваная сцэна, дзе героі «лячыліся» цешчынай настойкай, а сабака Валет «радаваўся жыццю».

У кастрычніку 2022 года скульптуры прыбралі на рэстаўрацыю. Тады ж стала вядома, што скульптуры перанясуць праз дарогу — у новы парк.

Nashaniva.com