«Першыя дні думаеш: усё, у палітыку больш не палезу. Але ўжо праз тыдзень нараджаецца яшчэ большая злосць да рэжыму». Вызвалены апісаў псіхалагічную гойданку на Акрэсціна і «добрых следчых»
«Маральна я заўсёды быў гатовы да таго, што некалі могуць прыйсці і да мяне, — расказаў «Нашай Ніве» 34-гадовы мінчук, які працуе ў прыватным сектары эканомікі. — Таму я не быў вельмі здзіўлены ці напалоханы.
07.04.2023 / 20:45
Знаходжанне на Акрэсціна выклікае яшчэ большую злосць да рэжыму, расказвае вызвалены жыхар Мінска
Губазікі вельмі крычаць, ад гэтага не разумееш, што ўвогуле адбываецца, і час цягнецца даволі хутка. Шмат абражаюць і пагражаюць. Але разумееш, што гэтыя іх крыкі і пагрозы прадуманыя, каб застрашыць чалавека, але я ўвогуле не адчуваў сябе застрашаным, часам нават было смешна ад іх тупых фраз і пытанняў. Я адразу адпусціў сітуацыю, бо разумеў, што ад мяне ўжо нічога не залежыць. Проста чакаў што будзе далей.
Вязуць у ГУБАЗіК. У ГУБАЗіКу на кожных дзвярах свастыка Z.
Падчас затрымання і падчас знаходжання ў ГУБАЗІКу заўсёды вылучаліся добрыя і злыя паліцэйскія. Злы — вельмі брутальны, жорсткі, шмат мацюкаецца, пагражае, абражае. Добры, наадварот, супакойвае, стараецца быць такім ласкавым, добрым, ветлівым. Шчыра скажу, гэта было прыемна і трошкі супакойвала, хаця я і разумеў, што гэта нейкая гульня. Вось толькі дагэтуль не разумею, што за гульня.
На Акрэсціна кепскія ўмовы ўтрымання трохі залагоджваліся добрай кампаніяй. Гулялі ў словы, мафію, слухалі лекцыі разумных людзей.
Што тычыцца дзяжурных на Акрэсціна, дык таксама былі добрыя і злыя. Напрыклад, добры раніцай будзіць словамі «Доброе утро, просыпайтесь, банда». А злы бамбіў у дзверы і крычаў «пад’ёёёёём». Добры адказваў на пытанні, злы ігнараваў. Добры адразу прыносіў туалетную паперу, злы мог толькі з трэцяе просьбы прынесці. Добры пакідаў на ноч уключаныя дзве лямпы, злы — чатыры. Такі вось лямпавы ў іх магчымы дыяпазон дабра: дзве ці чатыры. Зрэшты, большасць з іх былі ўсё ж добрыя.
Калі ўжо адбываеш свой тэрмін, час цягнецца вельмі павольна. Гульні і лекцыі трохі паскараюць яго, але не дужа. Вельмі напружвае тое, што шмат хто сядзіць ужо другі-трэці раз запар, таму ты не ведаеш, ці адпусцяць цябе, ці дадуць яшчэ 15 сутак. Тут на пачатку не ведаеш, як дасядзець гэтыя свае 15 сутак, а калі ўяўляеш, што яшчэ столькі ж могуць даць, дык проста плакаць хочацца.
Час ад часу з камеры пераводзілі людзей у іншыя камеры. Проста называюць прозвішча і кажуць «с вешчамі на выхад». І ты ніколі не ведаеш, ці прыйдуць за табой. Вядома ж, не хочацца пераходзіць у іншую камеру, бо прывыкаеш да людзей.
Яшчэ заўважыў, што першыя некалькі дзён былі думкі, маўляў, усё, у палітыку больш ніколі не палезу. Але ўжо праз тыдзень гэтыя думкі зніклі і замяніліся на яшчэ большую злосць да рэжыму.