Пад Маладзечнам не будзе сховішча фекальных адкідаў. Здаецца, людзі адстаялі сваё
Улады перадумалі будаваць пад Маладзечнам сховішча для мінскіх адкідаў.
08.04.2023 / 08:47
Месца пад Красным, дзе магло быць сховішча. Фота Kraj.by
Сажалку-назапашвальнік «ападкаў гаспадарча-фекальных сцёкавых вод», якія хацелі прывозіць са сталіцы, збіраліся будаваць каля вёскі Краснае Маладзечанскага раёна, нагадвае kraj.by.
Людзі пратэставалі супраць будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка і сабралі каля тысячы подпісаў.
Абмеркаванні па пытанні будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка ападкаў гаспадарча-фекальных сцёкавых вод прайшлі 30 сакавіка ў Красненскім доме культуры. Сустрэча прайшла эмацыйна, а 7 красавіка жыхары Краснага даслалі Kraj.by дакумент. Мяркуючы па змесце якога, будаўніцтва сажалкі-назапашвальніка пад Маладзечнам не будзе.
Рашэнне падпісанае намеснікам старшыні Маладзечанскага райвыканкама Сяргеем Боханам і вынесенае на падставе «агульнага негатыўнага ўспрымання грамадскасцю аб будаўніцтве аб'екта».