Слуцкі «Інфа-Кур'ер» спыняе існаванне
Адбылося гэта пасля прызнання ўсіх тэкстаў выдання экстрэмісцкімі матэрыяламі.
08.04.2023 / 10:16
«Рэдакцыя больш не зможа, на вялікі жаль, парадаваць вас цікавымі і карыснымі матэрыяламі, парадавацца вашым поспехам, паспрабаваць разам знайсці рашэнні тых праблем, з якімі вы сутыкаецеся. Мы вымушаныя спыніць выпуск друкаванай газеты, а таксама не можам працягваць працу на электронных пляцоўках», — гаворыцца ў звароце рэдакцыі.
«Пра гэта балюча казаць. Пра гэта можна казаць толькі са слязьмі на вачах, суцяшаючы адзін аднаго тым, што мы стараліся працаваць, як казалі і самі чыноўнікі (асабліва пасля сыходу са сваіх пастоў), прафесійна. Мы не займаліся прапагандай і ўсхваленнем каго б там ні было, не падладжваліся пад уплывы рознай палітычнай траскатні. Мы, вядома ж, дзесьці памыляліся, але заўсёды вучыліся і стараліся быць непрадузятымі», — рэзюмуе рэдакцыя.
Праблемы ў выдання пачаліся 15 сакавіка, калі ў рэдакцыі газеты прайшоў ператрус. Галоўны рэдактар выдання Сяргей Станкевіч і яго намеснік Алег Рубчэня былі затрыманыя. Ім прысудзілі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Пасля іх выхаду на волю «Інфа-Кур'ер» спачатку паведаміў пра закрыццё свайго тэлеграм-канала.
А ўчора стала вядома, што ўсе публікацыі газеты, а таксама яе старонкі ў сацсетках прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Такое рашэнне прыняў суд Партызанскага раёна Мінска 5 красавіка.