Полацкі навуковец Ігар Бортнік не выйшаў пасля 10 сутак арышту

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», кандыдата філасофскіх навук Ігара Бортніка не выпусцілі пасля адбыцця ім прысуджаных 10 сутак адміністрацыйнага арышту. На якой падставе яго працягваюць утрымліваць, пакуль дакладна невядома.

08.04.2023 / 11:22

Фота: старонка Ігара Бортніка ў фэйсбуку

Былы выкладчык Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, а пасля супрацоўнік Музея беларускага кнігадрукавання быў затрыманы падчас аблавы ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, пад якую патрапілі амаль два дзясяткі чалавек. Людзей затрымлівалі мэтанакіравана па спісах і адрасах. Сярод іншых, пад рэпрэсіі патрапіла кіраўніцтва чатырох музеяў, якія ўваходзяць у склад Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка. Адначасова затрыманні вяліся сярод актыўных людзей Наваполацка.

Вядома, што Ігар Бортнік мае сур'ёзныя праблемы са здароўем, у яго была доўгая і складаная рэабілітацыя пасля не вельмі ўдалай аперацыі па лячэнні міжпазваночнай грыжы. Цяпер у чалавека баліць спіна, сядзець больш за паўгадзіны ён не можа, трэба ўставаць і рухацца.

Тым часам стала вядома, што 10 сутак Бортнік адседзеў па арт. 19.11 (распаўсюд «экстрэмісцкай» прадукцыі). Цяпер яму нібыта інкрымінуецца артыкул 24.23 (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). Новы суд будзе, хутчэй за ўсё, у панядзелак.

Чытайце таксама:

Працягваюцца суды над супрацоўнікамі Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка

Сталі вядомыя прысуды некаторым полацкім музейшчыкам, а таксама спіс затрыманых

Частку затрыманых супрацоўнікаў Полацкага музея-запаведніка вызвалілі. Але канфіскавалі тэхніку і прызначылі суды

Прайшлі ператрусы і затрыманні сярод полацкіх музейшчыкаў

Nashaniva.com