Twitter перастаў хаваць акаўнты расійскіх уладаў

Twitter зняў абмежаванні з акаўнтаў расійскіх дзяржаўных установаў, уведзеныя пасля пачатку вайны ва Украіне — яны зноў з'яўляюцца ў рэкамендацыях і ў верхніх радках некаторых пошукавых запытаў, паведамляе The Telegraph.

08.04.2023 / 15:22

Сярод іншага, журналісты выдання пераканаліся, што Twitter стаў рэкамендаваць акаўнты Крамля, міністэрства замежных спраў РФ і расійскай амбасады ў Вялікабрытаніі. Сацсетка таксама пачала выдаваць у пошуку акаўнт Мінабароны РФ.

Былы топ-менеджар Twitter на ўмовах ананімнасці паведаміў The Telegraph, што падобныя змены алгарытмаў выдачы, хутчэй за ўсё, сведчаць пра тое, што кіраўніцтва сацсеткі адмяніла леташнія абмежаванні.

«Вельмі малаімаверна, што гэтае змяненне адбылося выпадкова або без ведама кіраўніцтва кампаніі», — заявіў ён.

Twitter сітуацыю пакуль не каментаваў.

Nashaniva.com