Новае апытанне паказала, колькі беларусаў падтрымлівае вайну і размяшчэнне ядзернай зброі

Даныя атрыманы ў выніку апытання гарадскога насельніцтва, якое нядаўна правёў Chatham House (Каралеўскі інстытут міжнародных адносін — брытанскі аналітычны цэнтр у галіне міжнародных адносін).

12.04.2023 / 17:07

З-за палітычнай сітуацыі правесці паўнавартаснае анкетаванне ў Беларусі цяпер немагчыма, таму даследчыкі арганізавалі інтэрнэт-інтэрв'ю. Па гэтай прычыне выбарка абмежаваная не толькі гарадскім насельніцтвам, але і звужана да карыстальнікаў інтэрнэту. Даследчыкі звяртаюць увагу, што на вынікі мог паўплываць страх рэспандэнтаў пры праходжанні апытання.

У параўнанні з папярэднім даследаваннем, назіраецца невялікі рост аўдыторыі дзяржаўных СМІ (на 2%), які адбыўся за кошт аўдыторыі недзяржаўных СМІ. Пры гэтым, як і раней, кожны чацвёрты імкнецца праглядаць абодва сегменты медыяпрасторы, а кожны пяты апытаны не цікавіцца навінамі, праглядае праграмы навін і сайты радзей, чым раз на тыдзень.

Стаўленне да вайны

Даследаванне паказала, што за перыяд з чэрвеня 2022-га па сакавік 2023-га стаўленне беларусаў да вайны не змянілася. Яе падтрымліваюць цалкам ці хутчэй 33 %. Выступаюць супраць — 44 %. Пры гэтым, як і раней, кожны чацвёрты (24 %) не мае свайго меркавання.

Калі ж разглядаць адказы ў адпаведнасці з аўдыторыяй СМІ, то яскрава відаць уплыў апошніх на меркаванне. Так, сярод аўдыторыі дзяржаўных СМІ вайну падтрымлівае кожны другі (53 %). Сярод аўдыторыі незалежных СМІ такіх набралася толькі 7 %. Сярод аўдыторыі абодвух тыпаў СМІ вайну падтрымлівае кожны трэці (33 %). А сярод неактыўнай аўдыторыі — кожны пяты (18 %).

Пры гэтым рэспандэнты вышэй ацэньваюць эфектыўнасць расійскіх войскаў, чым украінскіх. І гэтая пазіцыя фактычна не змянілася ў параўнанні з красавіком 2022 года.

Калі тады дзеянні расійскага боку эфектыўнымі лічылі 39 % апытаных, то ў сакавіку 2023-га — 37 %. Адносна станоўчай ацэнкі ўкраінскіх войскаў адбылося зніжэнне на 4 працэнтныя пункты за перыяд з чэрвеня 2022-га па сакавік 2023-га (адпаведна 27 і 23 %).

Калі ж разглядаць гэтыя адносіны праз прызму СМІ, то прыкметна, што аўдыторыя дзяржаўных СМІ часцей лічыць дзеянні расійскіх войскаў эфектыўнымі, а аўдыторыя недзяржаўных — украінскіх. Прычым, як адзначаюць даследчыкі, сярод аўдыторыі са змешаным спажываннем перамагае наратыў дзяржаўных медыя.

Пры гэтым за год на 6 % зменшылася доля тых, хто лічыць, што пераможа Украіна (з 21 да 15 %). А вось доля тых, хто бачыць перамогу Расіі, узрасла на 1 % (з 45 да 46 %).

Даследаванне таксама паказала, што кожны другі беларус (56%) лічыць, што вайну неабходна спыніць неадкладна і зафіксаваць сітуацыю ў тым выглядзе, у якім яна ёсць, шукаць кампраміс шляхам перамоў.

Пры гэтым кожны чацвёрты (26 %) выступае за тое, што вайна павінна спыніцца толькі пасля дасягнення Расіяй сваіх мэтаў. Толькі 14 % апытаных выказаліся за тое, што вайна павінна спыніцца толькі пасля таго, як сваіх мэтаў дасягне Украіна.

Замежнапалітычныя прыярытэты

Даследчыкі таксама высветлілі стаўленне беларусаў да розных краін. Так, за год доля тых, хто ставіўся да Расіі вельмі добра і ў асноўным добра, паменшала на 3 % (з 79 да 76%). На 5 працэнтных пунктаў паменшала добрае стаўленне да ЗША (з 53 да 48%). Да Украіны і Польшчы назіраецца змяншэнне на 6% (адпаведна з 70 да 64% і з 67 да 61%), ЕС — на 7% (з 70 да 63%). Амаль не змяніліся адносіны да Літвы (адпаведна 62 і 61%).

А вось да Кітая назіраецца рост добрага стаўлення адразу на 10 % (з 71 да 81%).

За год трохі змяніліся замежнапалітычныя перавагі беларусаў. Доля тых, хто лічыць, што Беларусі лепш знаходзіцца ў саюзе з ЕС, узрасла на 5% (з 9 да 14%), з Расіяй — на 9% (з 27 да 36%). А вось доля прыхільнікаў меркавання аб адначасовым саюзе Беларусі з Расіяй і ЕС паменшала на 16% (з 41 да 25%).

Пры гэтым стабільнай засталася доля тых, хто лічыць, што Беларусь павінна знаходзіцца па-за якімі-небудзь геапалітычнымі саюзамі. Такога меркавання прытрымліваецца амаль кожны чацвёрты (23%).

Адметна, што доля тых, хто так лічыць, істотна большая сярод неактыўнай аўдыторыі (30%).

А вось да АДКБ у апытаных стаўленне істотна змянілася. Для аналізу быў узяты перыяд з лістапада 2020 года па сакавік 2023-га.

Доля тых, хто выказаўся за тое, каб Беларусь імкнулася да выхаду з гэтай арганізацыі, захоўвала нейтралітэт і не ўваходзіла ні ў якія вайсковыя саюзы, вырасла амаль напалову (з 31 да 45%).

Гэта адбылося за кошт таго, што зменшылася доля тых, хто лічыць, што Беларусь павінна захоўваць сяброўства ў АДКБ (змяншэнне на 15 % — з 63 да 48%).

Пытанне ядзернай зброі

За год вырасла доля тых, хто станоўча ці хутчэй станоўча адносіцца да размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі.

Калі раней такой думкі прытрымліваўся кожны пяты, то цяпер — кожны чацвёрты беларус. А вось доля тых, хто адмоўна да яе ставіцца, амаль не змянілася (адпаведна 45 і 44%). Уплыў на паказчык станоўчых адносін адбыўся за кошт тых, хто хутчэй адмоўна адносіўся да ідэі размяшчэння ядзернай зброі. Такіх стала на 5% меней (замест 35 — 30%).

У пазіцыі па гэтым пытанні заўважна істотная роля СМІ. Сярод аўдыторыі дзяржаўных СМІ падтрымліваюць размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі 43%, недзяржаўных — 3%, абодвух тыпаў СМІ — 27%, сярод неактыўнай аўдыторыі — 13%.

Каштоўнасныя арыентацыі

Даследаванне паказала, што чвэрць беларусаў лічыць, што «краіне неабходна моцная рука лідара, які павінен прымаць важныя дзяржаўныя рашэнні аднаасобна». Столькі ж давярае царкве і з'яўляецца праціўнікам рынкавых пераўтварэнняў у эканоміцы.

Кожны другі беларус лічыць, што пры прыёме на працу працадаўца ў першую чаргу павінен разглядаць беларусаў, а не імігрантаў.

Тры чалавекі з пяці (62 %) выказаліся за тое, што для іх вельмі важная Беларусь. Для больш за палову (56 %) апытаных вельмі важная самарэалізацыя. Палова надала асаблівую важнасць працы. Грошы і матэрыяльны дабрабыт вельмі важныя для 44% апытаных. Два чалавекі з пяці (40%) лічаць, што для іх вельмі важная свабода і асабістая незалежнасць. Амаль столькі ж (41%) выказалася за вялікую важнасць свабоднага часу.

Толькі кожны трэці (30%) лічыць важным у сваім жыцці традыцыі. Толькі ў жыцці кожнага шостага (16%) важную ролю адыгрывае рэлігія.

Цікавым падаецца падзел даследчыкамі аўдыторыі апытаных на чатыры сегменты адпаведна палітычным каштоўнасцям.

Кожны трэці (33%) быў аднесены да сегмента без пэўных каштоўнасцей і з вельмі нізкай цікавасцю да палітыкі.

Столькі ж (32%) складае сегмент кансерватыўных аўтарытарыстаў. Яны схільныя падтрымліваць моцнага лідара, маюць патэрналісцкія погляды на дзяржаву і найбольш схільныя давяраць царкве ў параўнанні з прадстаўнікамі іншых сегментаў. Менавіта сярод іх найбольшая доля (43%) тых, хто станоўча ці хутчэй станоўча адносіцца да размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.

Кожны пяты (20%) уваходзіць у сегмент «кансерватыўных дэмакратаў». Яны — прыхільнікі дэмакратычных каштоўнасцей, лічаць працу сацыяльным доўгам і, у параўнанні з прагрэсіўнымі дэмакратамі, больш схільныя давяраць царкве.

15 % аўдыторыі даследчыкі аднеслі да «прагрэсіўных дэмакратаў». Яны вызначаюцца высокай цікавасцю да палітыкі, не ўспрымаюць працу як грамадскі доўг і не схільныя давяраць царкве.

Даследчыкі адзначаюць, што прагрэсіўныя дэмакраты — адзіны сегмент, які чэрпае інфармацыю пераважна з недзяржаўных медыя. Кансерватыўныя дэмакраты часта звяртаюцца да дзяржаўных рэсурсаў.

Чытайце яшчэ:

Вярнуцца ў Беларусь плануюць 42%. Што паказала даследаванне беларусаў замежжа

Фінансава незалежныя, актыўныя, але траўмаваныя вайной. Выйшла новае даследаванне пра беларусаў у Літве

Што думаюць беларусы пра расійскую мабілізацыю. Нечаканыя вынікі даследавання

Nashaniva.com