Еўракантроль спрагназаваў, колькі будзе закрытае неба над Беларуссю
Еўрапейская арганізацыя па бяспецы паветранай навігацыі (Еўракантроль) падрыхтавала даклад, у якім утрымліваецца прагноз па галіне на 2023-2029 гады. Адзначаецца, што гэта абноўленая версія даклада, апублікаванага восенню 2022 года.
11.04.2023 / 12:36
У ім прааналізаваны стан галіны пасля пандэміі і з улікам расійскага нападу на Украіну.
Спецыялісты канстатуюць, што авіяцыйная галіна дагэтуль не аднавілася пасля пандэміі каранавіруса. У прыватнасці, адзначаецца, што колькасць рэйсаў дапандэмійнага 2019 года можа быць дасягнутая толькі да 2025 года. Пасля чаго, улічваючы рызыку высокай інфляцыі, росту цэн на нафту, экалагічныя праблемы, эксперты схільныя прагназаваць некаторую стагнацыю.
Адзін з фактараў, якія ўплываюць на стан галіны, — закрыццё для палётаў паветраных прастор Беларусі, Малдовы, Расіі і Украіны.
Эксперты зыходзяць з таго, што яно застанецца такім да канца перыяду, на які яны склалі прагноз, — гэта значыць, да 2029 года.
На найбліжэйшыя два гады ў цэлым эксперты прагназуюць агульнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, зніжэнне ВУП. Чакаецца, што рост цэн на энерганосьбіты і кошту жыцця ў цэлым паўплывае на попыт на палёты, а недахоп персаналу — на прапускную здольнасць авіякампаній і аэрапортаў, асабліва пры высокім попыце (лета).
У даважак да пандэміі каранавіруса неба над Беларуссю было закрытае пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску 23 мая 2021 года, калі былі затрыманыя Раман Пратасевіч і Сафія Сапега.
ЕС асудзіў такі крок і ўвёў абмежаванні для палётаў еўрапейскіх авіякампаній над Беларуссю, таксама беларускім авіяперавозчыкам забаранілі выкарыстоўваць паветраную прастору над Еўропай і прызямляцца ў еўрапейскіх аэрапортах.