У Новай Баравой прэзентавалі новы квартал са свяцільнямі і дываном у двары. Што з цэнамі?
«А-100 Дэвелапмент» працягвае будаўніцтва свайго флагманскага жылога комплексу — Новай Баравой. Учора забудоўшчык прадставіў патэнцыйным навасельцам яшчэ адзін квартал пад назвай Рабінавы. Асаблівасць новай часткі дамоў — арыгінальнае добраўпарадкаванне ў стылі вулічнай гасцінай, расказвае realt.by.
12.04.2023 / 09:50
Новы квартал — невялікі. Ён будзе ўяўляць сабой групу з двух дамоў. Рабінавы квартал вырасце максімальна блізка да будучага цэнтральнага парку, школы і дзіцячага сада.
Прастора самога двара прадстаўлена ў канцэпцыі вулічнай гасцінай: дрэвы, шмат зон для ціхага адпачынку, свяцільні і таршэры, сталы, а таксама — аздабленне ў выглядзе дывана з пліткі. Увогуле — усё, як ва ўтульнай хаце.
Шумныя зоны будуць вынесены ў тарцы дамоў, каб не перашкаджаць жыхарам і не дастаўляць дыскамфорт. Тут прадугледжаны велабоксы, невялікая веламайстэрня, настольны тэніс, стол для кікера.
У двары будуць высаджаны рабінавыя дрэвы, як сімвал квартала.
Як і ва ўсіх кварталах Новай Баравой, у Рабінавым двор будзе вольным ад аўтамабіляў. У ім таксама зʼявяцца ўпадабаныя жыхарамі агароды, зоны для адпачынку і актыўнага часу. Прадугледжаны павільён для сустрэч і адпачынку недалёка ад дзіцячай пляцоўкі, дзе можна будзе пагуляць у настольныя гульні.
У афармленні дамоў будзе выкарыстоўвацца акцэнтны тэракотавы колер, у якасці элементаў — дэкаратыўныя аканіцы, ламелі з люстраным эфектам для стварэння прыгожага адлюстравання і блікаў. Верхняя частка фасада аздоблена хвалістым металічным лістом.
У Рабінавым квартале будуць кватэры з тэрасамі, якія выходзяць як і ў двор, так і на Цэнтральны парк. Таксама будзе падʼезд з эксплуатаваным дахам.
Плошча кватэр — ад 26 да 98 «квадратаў», будуць кватэры як з гатовай аздабленнем, так і без яе.
Падʼезды ў квартале скразныя з выхадам у двор, для жыхароў з гадаванцамі прадугледжаны памяшканні для мыцця лап,калясачныя — у кожным падʼездзе.
Тэрмін здачы першага дома, які паступіць у продаж, — 4 квартал 2024. Кошт квадратнага метра пачынаецца ад 1177 даляраў.
Чытайце таксама: