Вайскоўцы правядуць буйныя брыгадныя вучэнні на мяжы з Украінай

Механізаваная брыгада правядзе буйныя вучэнні ў Слонімскім раёне, паведаміў дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч, паведамляе «Спутнік».

12.04.2023 / 11:40

Вальфовіч нагадаў, што цяпер праводзіцца праверка некаторых элементаў сістэм гарантавання ваеннай бяспекі. У прыватнасці, зусім нядаўна была прыведзена ў баявую гатоўнасць механізаваная брыгада, адно са злучэнняў Заходняга аператыўнага камандавання ў Слонімскім раёне.

«Там адпрацоўваюцца пытанні пераводу мехзлучэння з мірнага на ваенны час у поўным аб'ёме з адмабілізаваннем, з пастаўкай запасаў матэрыяльных рэсурсаў, са здыманнем усіх узораў вайсковай тэхнікі з захоўвання, з правядзеннем поўнага комплексу баявога зладжвання. На завяршальным этапе будзе праведзена брыгаднае тактычнае вучэнне», — сказаў Вальфовіч.

Паводле яго слоў, паўнавартаснае злучэнне колькасцю каля шасці тысяч чалавек будзе выконваць задачы, па неабходнасці, для абароны сваёй краіны.

Дзяржсакратар удакладніў, што гэта злучэнне выходзіць у раён засяроджання, а ў наступным — ва ўмоўныя раёны ў адпаведнасці з баявым прызначэннем на палігоны, дзе будуць адпрацоўвацца пытанні баявой задачы, ускладзенай на гэта злучэнне.

Nashaniva.com