Алег Трусаў: Наступны прэзідэнт Беларусі будзе беларускамоўным, я ў гэтым не сумняваюся

«Народная воля» пацікавілася ў вядомага археолага і грамадскага дзеяча, былога старшыні Таварыства беларускай мовы, ці стаў ён доктарам гістарычных навук і чым увогуле апошнім часам займаецца.

14.04.2023 / 09:32

— Алег Анатольевіч, даўнавата вас нідзе не відно і не чутно. Дзе вы прапалі?

— Нідзе я не прападаў. Апошнім часам я заняты напісаннем кнігі, прысвечанай пытанням рэстаўрацыі і аховы помнікаў («Эвалюцыя будаўнічых матэрыялаў і тэхнікі манументальнага дойлідства Беларусі» — НН). Жыву ў Дзяржынскім раёне, за Фаніпалем, маю там дамок, там мне ніхто не перашкаджае творча працаваць. Адтуль мне зручна дабірацца на працу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, дзе я выкладаю гісторыю архітэктуры, гістарычнае краязнаўства, археалогію. Сядаю на электрычку і праз сорак хвілін выходжу каля ўніверсітэта.

— Ад надзённых спраў вырашылі перайсці да рэчаў больш вечных?

— Я лічу, што рэстаўрацыя архітэктурных помнікаў у сучаснай Беларусі — надзвычай надзённая справа. Так склалася, што першы росквіт рэстаўрацыі прыпаў яшчэ на часы СССР, на 1990-я, калі нашы рэстаўратары паднялі з руін нямала ратуш, замкаў, храмаў. Потым быў трошкі заняпад, але неўзабаве пачалася новая хваля беларускага замкавага адраджэння, калі мы зрабілі амаль немагчымае. Закончылі тое, што пачалі яшчэ ў савецкія часы, а менавіта: давялі да ладу Мірскі, Лідскі і Нясвіжскі замкі. Сёння робіцца замак у Гродне (хоць яго праект шмат хто крытыкуе), і робіцца як каралеўскі палац Стэфана Баторыя, гэта вельмі важна. Працягваецца праца ў Крэўскім замку, нават Гальшанскі замак пачысцілі ад смецця, закансервавалі і зрабілі адну вежу.

— Дык з замкамі ў нас усё ў парадку?

— Праблема ў тым, што старыя рэстаўратары адыходзяць у лепшы свет, а маладых няма. Іх проста нідзе не рыхтуюць. У мяне ў 2020 годзе выйшла кніга «Эвалюцыя будаўнічых матэрыялаў і тэхнікі манументальнага дойлідства Беларусі XI—XVIII стагоддзяў» — гэта фактычна падручнік для рэстаўратараў з цудоўнымі ілюстрацыямі. Я там упершыню апісаў, як нашы продкі будавалі, якая была цэгла, дахоўка і г.д. Пісалася кніга гадоў дзесяць. Падручнік ёсць, а профільнага факультэта ні ў адной ВНУ Беларусі, на жаль, няма.

— І ўсё ж давайце пяройдзем да больш актуальных тэм. Нядаўна выйшла ўрадавая пастанова аб адмене беларускай лацінкі. Як на мой погляд, яна была зусім не лішняй на шыльдах у метро ці на турыстычных аб’ектах. Каму тая лацінка перашкаджала?

— Не трэба забываць, што наш усходні сусед спіць і бачыць, каб тут не было не толькі лацінкі, а каб наогул Беларусь стала «Северо-западным краем». Так, лацінка ўводзілася пры спрыянні Таварыства беларускай мовы, мы тады супрацоўнічалі з вядомай беларускай тапанімісткай Валянцінай Лемцюговай, збіраліся на нарады ў сядзібе ТБМ. І мы тады лацінку вярнулі. Мы ўвогуле павінны ганарыцца, што ў нас, беларусаў, аж тры алфавіты — кірыліца, лацінка і арабіца. Мы ж можам пісаць і арабскімі літарамі надпісы па-беларуску, гэта наша даўняя традыцыя. Забараняць алфавіт — ну гэта смешна. Я думаю, што беларуская лацінка нікуды не дзенецца, яна патрэбна. Вось і нядаўна адна папулярная газета пачала выкарыстоўваць на сваім сайце лацінку. Дарэчы, яна з’явілася яшчэ ў XVI стагоддзі. І я веру, што праз пэўны час лацінка вернецца, бо гістарычны працэс сёння нам спрыяе.

— Так спрыяе, што гістарычныя помнікі зносяцца — я маю на ўвазе помнік Ларысе Геніюш у Зэльве.

— Помнік Геніюш проста схаваны да лепшых часоў. Схаваны надзейна, ніякая «інфаказачка» Бондарава не знодзе. Заўваж — помнік не зруйнавалі бульдозерам, не патрушчылі кувалдамі. Прыйдзе лепшы час, і ён вернецца на сваё месца. А можа, нават на цэнтральную плошчу Зэльвы. Так у свой час схавалі Пагоню, якая вісела на Доме ўрада. Наколькі я ведаю, яна захоўваецца ў цэласці. Спадзяюся, і яе час прыйдзе.

— Пакуль прыйдуць тыя лепшыя часы, чарга можа дайсці і да другіх помнікаў, скажам, Льву Сапегу ці Гедыміну.

— Думаю, што не дойдзе. Па ўсіх прыкметах, нам трэба пачакаць яшчэ два-тры гады, і ад «русского мира» застануцца рожкі ды ножкі. Паглядзіце, як да яго сталі ставіцца ў свеце. Такога ніколі не было, каб рускамоўныя спектаклі ў краінах Заходняй Еўропы не прапускалі на сцэну. Хто б мог падумаць, што «великий и могучий русский язык» апынецца ў такой сітуацыі? У свой час у Германіі былі чатыры музеі пісьменніка Чэхава. Я не ведаю, колькі іх застанецца праз пару гадоў, і ці ўвогуле застанецца.

— Ну, у нас музею Суворава ў Кобрыне закрыццё не пагражае. І гэты расійскі генералісімус, які патапіў у крыві паўстанне Касцюшкі, будзе яшчэ больш упэўнена пачувацца, калі ў Беларусь прывязуць ядзерную зброю з Расіі.

— Для Беларусі галоўнае — па-сапраўднаму не ўвязацца ў захопніцкую вайну, распачатую Расіяй. На сёння ёсць прыкметы таго, што не павінны ўвязацца, хоць я магу, канешне, памыліцца. Што да ядзернай зброі, то я ў 1992 годзе прымаў удзел у дзяльбе Савецкай арміі. Я быў кіраўніком спецыяльнай групы ад імя Рэспублікі Беларусь, а збіраліся мы, дарэчы, у гарадку Ірпень пад Кіевам, на ваеннай базе. Там былі прадстаўнікі ўсіх краін СНД. Я меў спецсувязь з Кебічам і Шушкевічам, штодзень павінен быў дакладваць ім пра стан спраў.

— А якія канкрэтна справы вы там вырашалі?

— Тады мне ўдалося выйграць змаганне за Віцебскую дэсантную дывізію, якую хацелі забраць у Расію. Але мне ўдалося пасябраваць з генералам Лебедзем, які ўрэшце сказаў: «Мы браты, а віцебскія дэсантнікі бралі Кабул, шмат іх там загінула, хай дывізія застаецца ў Беларусі». Праз мае вочы праходзіла маса сакрэтных дакументаў, якія тут жа пасля прачытання знішчаліся адмысловым апаратам. Дык вось, прыкладна дваццаць адсоткаў усяго ядзернага запасу СССР базавалася ў Беларусі. Дваццаць адсоткаў! А цяпер нам парачку тактычных ракет могуць завезці. Хто ведае, можа, гэта і плюс. Можа, затое беларускіх вайскоўцаў не пагоняць на вайну ва Украіне.

— Вы бачыце плюс у размяшчэнні расійскай ядзернай зброі на беларускай зямлі?

— Я не думаю, што з Беларусі будуць запускацца ракеты з ядзернымі зарадамі па Польшчы ці Літве, як пішуць і гавораць некаторыя палітолагі. Бо, па-першае, ЗША ўжо заявілі, што як толькі нешта ўзляціць, тут жа будзе ўдар у адказ — па Крамлі. Па-другое, Кітай выступіў супраць размяшчэння, бо ён разумее, што з ім будзе, калі пачнецца ядзерная вайна. Кітайскія гарады — па 10—15 мільёнаў жыхароў. Вы ўяўляеце наступствы?

— Вы шмат гадоў узначальвалі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якое было пазалетась ліквідавана. Ці не варта паспрабаваць яго аднавіць?

— Цяпер адназначна не атрымаецца. Тут цікавая рэч. Юрыдычна ТБМ ліквідавана, а фактычна яно дзейнічае. Прывяду прыклад: у свой час мы арганізавалі першую беларускую нацыянальную дыктоўку, яе пісалі амбасадары замежных краін у сядзібе ТБМ. А што цяпер адбываецца? ТБМ няма, а дыктоўку па ўсёй краіне сёлета пісалі дзясяткі тысяч чалавек! На адной Лідчыне — больш за 9.000. Пісалі ў многіх дзяржаўных універсітэтах, у тым ліку ў маім, пісалі ў Нацыянальнай Акадэміі навук. Прыйдзе час, памяняецца сітуацыя — ТБМ адновіцца. Спісы ёсць, архівы ёсць, усё схавана ў надзейным месцы. Галоўнае — людзі нікуды не дзеліся.

— Ну як жа не дзеліся? Дзясяткі тысяч за мяжу выехалі, ратуючыся ад рэпрэсій. Сярод іх, думаю, большасць якраз беларускамоўныя.

— Але шмат і засталося. Дарэчы, беларуская мова пасля 2020 года значна пашырыла абсягі свайго выкарыстання, я гэты працэс бачу паўсюль. Мова пайшла ў народ. Многія зразумелі, што якраз мова бароніць нацыю. Паглядзеўшы на падзеі ва Украіне, дзе рускамоўных было мора, але з пачаткам вайны там нават святары, прыналежныя да Маскоўскага патрыярхата, загаварылі па-ўкраінску!

— Чым больш «русский мир» будуць гнаць з Украіны, тым больш яго будзе ў Беларусі. Як ад яго ратавацца?

— Адзінае наша выйсце — пераходзіць на беларускую мову, як гэта ні было б цяжка. Хоць бы дома, у сям’і. Найлепшая абарона ад «русского мира» — наша родная мова. Не трэба пакуль ніякіх шэсцяў, дэманстрацый, давайце дэманстраваць паўсюль беларускую мову. Тым больш папулярнасць расійскай мовы, дзякуючы вайне, імкліва зніжаецца. Курсы беларускай мовы адкрываюцца па ўсім свеце, гэта таксама добры паказчык. Так, у Беларусі не аціхаюць рэпрэсіі. Але давайце ўспомнім гісторыю. Памятаеце, як перамаглі першыя хрысціяне? Спачатку яны сядзелі ў катакомбах, іх львам скормлівалі, а потым яны выйшлі і зрабілі хрысціянства адзінай дзяржаўнай рэлігіяй у Рымскай імперыі. Няварта забывацца на яшчэ адзін момант. Памятаеце, як шмат хто гаварыў: на беларусаў незалежнасць звалілася з неба, яны кроў за яе не пралівалі. Вось і накаркалі, цяпер пралілі. Забітыя ёсць, палітвязняў тысячы… І ўсё ж я перакананы — наступны прэзідэнт Беларусі будзе беларускамоўны, я ў гэтым не сумняваюся. Каго б ні абралі, ён будзе гаварыць па-беларуску!

— Адкуль у вас такая ўпэўненасць? Вы ж не казачнік.

— Я не казачнік, я гісторык. Мы разам з Лявонам Баршчэўскім і Аляксеем Хадыкам напісалі гісторыю Расіі, я напісаў гісторыю сярэднявечнай Еўропы — з беларускага гледзішча. І таму ўмею супастаўляць пэўныя гістарычныя працэсы. Расійская Федэрацыя мае ўсе шанцы разваліцца на кавалкі. За мяжой ужо дзейнічаюць арганізацыі «Вольная Бурація», «Вольная Калмыкія»… Пачынаюцца працэсы, якія мелі месца, калі развальвалася Расійская імперыя. Расія, як аказалася, ваяваць не ў стане, яны, вобразна кажучы, прапілі-прагулялі ўсё сваё войска.

— А што чуваць з універсітэтам імя Ніла Гілевіча, які вы стваралі?

— Вось за ўніверсітэт, рэктарам якога я быў, мне душа баліць найбольш. Яго ліквідацыя была для мяне страшнейшая, чым ліквідацыя ТБМ. Універсітэт мы амаль што стварылі — зарэгістравалі, набралі штат выкладчыкаў, склалі навучальныя планы. Калі б не памёр Уладзімір Макей (ён нам шмат у чым дапамагаў) і не падзеі 2020 года, універсітэт ужо набраў бы першых студэнтаў.

— Здаецца, вы ў апошнія гады пісалі доктарскую дысертацыю. Ці думаеце абараняць яе ў нашых умовах?

— Дактарантуру я закончыў у 2021 годзе, атрымаў адпаведнае пасведчанне. Доктарскую пад назвай «Эвалюцыя гісторыі будаўнічых тэхнік і матэрыялаў Беларусі XI—XVIII стагоддзяў» напісаў і ў пачатку лютага 2022 года занёс у Акадэмію навук — на рэцэнзію. Прыйшоў туды якраз 24 лютага, у дзень пачатку вайны. Там усе ў разгубленасці, кажуць — лепш пакуль забяры сваю дысертацыю, а там паглядзім. Я забраў. Думаю, як толькі гістарычныя шалі павернуцца ў наш бок — тады і абаранюся. Трэба год-два пачакаць, а калі памру — ну, значыць, у архіў пойдзе.

— Рана вам пра гэта думаць. Вы запатрабаваны як навуковец, новыя кнігі выходзяць.

— Разумееце, я не баюся памерці. Я пражыў ужо 68 гадоў, многія мае сябры ўжо сышлі, памерлі і многія дэпутаты, з якімі мы галадавалі ў Вярхоўным Савеце ў 1995 годзе… Беларускія шляхцічы ніколі пра смерць не забывалі — загадзя пісалі тастаменты, рабілі сабе труны і ставілі на гарышча, каб дзецям было менш клопату. А, напрыклад, князі Радзівілы выраблялі адмысловыя трунныя партрэты. І калі нехта з іх паміраў — неслі труну з партрэтам. Тыя партрэты да гэтай пары захаваліся ў княжацкай пахавальні ў Нясвіжы.

— Князі тыя чаго толькі ні вытваралі — мядзведзяў улетку ў сані запрагалі, дарогу соллю высыпаючы. Жывым пра жыццё трэба думаць.

— Ну не скажыце. Мая маці таксама за дваццаць гадоў да смерці зрабіла сабе надмагільны помнік — яна ж была шляхцянкай, у Мсціславе жыла. Зрабіла і паставіла на балконе той помнік — з адмысловым медальёнам, дзе яна ў маладосці прыгожая, з касой. Мая задача была — потым перавезці яго на магілу. Я выканаў матчыну волю, перавёз, паставіў, медальён прыклеіў і па-беларуску надпісаў… Сярэдні ўзрост мужчыны ў Беларусі — 64 гады, а мне ўжо 68, так што я ўжо «перавыканаў план». У сваім жыцці я зрабіў усё, што мог, але хачу зрабіць яшчэ больш. Ёсць вядомы выраз memento mori — памятай пра смерць. І калі мы будзем пра яе памятаць, то пражывём адпушчаныя нам дні, месяцы і гады не ўпустую.

Чытайце таксама:

89-гадовы Кастусь Цвірка: Буду жыць, пакуль не выдам усе 200 тамоў «Беларускага кнігазбору»!

Васіль Зуёнак: У мяне ў жыцці неяк усё роўна было

Ванда Марцінш душ Рэйш: Мару, каб дэмакратычныя змены ў Беларусі адбыліся без праліцця крыві

Nashaniva.com