«Вельмі шкада, што прэзідэнт не прыслухаўся да Ціханоўскай». Міністр замежных спраў Літвы раскрытыкаваў Наўседу за ветаванне закона
Міністр замежных справаў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс выступіў з публічнай крытыкай рашэння прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы накласці вета на нядаўна прыняты Сеймам закон, які прадугледжваў для беларускіх грамадзян абмежаванні, але больш мяккія, чым на расійскіх.
14.04.2023 / 22:56
Габрыэлюс Ландсбергіс. Фота: AP
Ландсбергіс так пракаментаваў рашэнне Наўседы літоўскаму агенцтву Etaplius:
«Вельмі шкада, што прэзідэнт не прыслухаўся як да закліку дэмакратычнай лідаркі Беларусі Святланы Ціханоўскай, так і да належна ўзважанай пазіцыі Сейму Літвы. Хачу верыць, што Сейм застанецца пры сваёй пазіцыі».
Пасля вета прэзідэнта Сейм мусіць пераглядзець законапраект — можа як унесці змены, так і пераадолець вета прэзідэнта, калі за яго прагаласуюць 71 або больш дэпутатаў са 141.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр сёння заявіла, што Офіс Ціханоўскай акурат будзе працаваць у гэтым кірунку:
«Варта камунікаваць з дэпутатамі Сейма і пераконваць іх прагаласаваць за мяккі варыянт законапраекта. Мы працуем з дэпутатамі Сейма і тлумачым, што ўвядзенне больш жорсткіх абмежаванняў у дачыненні да беларусаў непрымальнае», — заявіла Крысціна Рыхтэр.
Сама Ціханоўская таксама выступіла з адмысловай заявай, дзе сказала:
«Я перакананая, што нельга ставіць у адзін шэраг беларусаў і памагатых рэжыму, і нельга караць беларусаў за дзеянні рэжыму…
Безумоўна, мы вельмі цэнім усю падтрымку, якую Літва аказвала і працягвае аказваць у нашай барацьбе за дэмакратычную еўрапейскую будучыню Беларусі. І мы разлічваем на ўзважанае рашэнне літоўскага кіраўніцтва і літоўскага парламента, каб працягваць умацоўваць сувязі паміж нашымі народамі, а не будаваць паміж імі муры».
Чытайце таксама:
Літоўскі сейм прыняў некаторыя абмежаванні супраць грамадзян Беларусі і Расіі, але яны неістотныя
Літва падасць на Беларусь у Міжнародны суд за правакаванне мігранцкага крызісу
У Літве хочуць абавязаць публічных асоб дэклараваць сувязі з Беларуссю і Расіяй