У Беларусі ўвялі магчымасць аўтадонарства, можна здаць кроў для самога сябе
У Беларусі 21 красавіка набудуць моц змены ў законе аб донарстве крыві і яе кампанентаў, паведаміла Міністэрства аховы здароўя. У дакумент дадалі артыкул «Аўтадонарства». Цяпер кожны грамадзянін мае магчымасць за пэўную аплату здаць на захоўванне сваю кроў для ўласных патрэб.
15.04.2023 / 16:33
Фота ілюстрацыйнае
Новаўвядзенне дазваляе фізічнай асобе здаць кроў ці яе кампаненты на выпадак, калі самому гэтаму чалавеку ў будучыні можа спатрэбіцца пераліванне. Як пазначаецца, «нарыхтоўка і захоўванне ўласнай крыві робяцца за кошт грамадзяніна». Пры гэтым ніякіх кампенсацый і гарантый такому аўтадонару, у адрозненне ад звычайных, не даюць.
Калі аўтадонару ўласная кроў не спатрэбіцца, яе могуць пераліць іншай асобе, але для гэтага будзе патрабавацца пісьмовая згода донара.
У законе, апублікаваным на Нацыянальным прававым партале, тлумачыцца, што норму ўхвалілі «у мэтах змяншэння рызыкі неспрыяльных наступстваў пералівання крыві». А колькі будзе каштаваць гэтая паслуга, пакуль невядома.
Чытайце таксама:
Унеслі змены ў аплату бальнічных донарам крыві
Два японцы памерлі пасля трансплантацыі органаў у Беларусі. У Японіі завялі крымінальную справу
Наватарскае навуковае адкрыццё паказвае, што мы можам павярнуць смерць назад, прынамсі для жывёл