Лідар «ЛНР» правёў тыдзень у каранціне дзеля сустрэчы з Пуціным — аўдыязапіс

Лідар так званай «ЛНР» Леанід Пасечнік правёў тыдзень у маскоўскім гатэлі без права пакідаць свой нумар перад сустрэчай з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным — пра гэта сведчыць аўдыязапіс журналістаў праекту «Радыё Свабода» «Донбас Реалии», які яны атрымалі са сваіх крыніц у адной з украінскіх спецслужбаў.

17.04.2023 / 10:42

20 снежня Пуцін узнагародзіў Пасечніка ордэнам «За заслугі перад Айчынай». Кадр з відэа

Журналісты праверылі запіс з дапамогай заходняй экспертызы ў Нацыянальным цэнтры медыяэкспертызы пры Універсітэце Каларада ў Дэнверы.

Падрабязнасцямі знаходжання на каранціне Пасечнік падзяліўся са сваім памочнікам Аляксандрам Сарокам, які, па звестках крыніц, зʼяўляецца былым супрацоўнікам Галоўнага ўпраўлення Генштаба Узброеных сіл РФ.

«Значыць, 20-га ў мяне сустрэча. Да 19-й я тупа сяджу ў пакоі. Мяне тут зачынілі. Двухпакаёвы пакой. Сяджу, блін, ужо другі дзень, усе бакі баляць, срака баліць, ужо лянота ляжаць. Нікуды не адпускаюць, нікуды нельга. Ежу прыносяць у нумар. Увогуле, сяджу тут бязвылазна да 19-га ўключна. 20-га адбудзецца сустрэча і цырымонія ўзнагароджання», — сказаў Пасечнік.

Размова адбылася ў снежні 2022 года. Паводле афіцыйнай інфармацыі Крамля, 20 снежня мінулага года Пуцін узнагародзіў Пасечніка ордэнам «За заслугі перад Айчынай», а таксама асабіста сустрэўся з кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі Луганскай вобласці.

У аўдыязапісе таксама гаворыцца пра канфлікт унутры групоўкі «ЛНР» і тое, што Пасечнік не кантралюе кіраўніка так званага МУС «ЛНР» Ігара Карнета.

Раней капітан Фэдэральнай службы бяспекі Расіі Глеб Каракулаў заявіў аб патрабаванні каранціну для асобаў, якія павінны сустрэцца з Пуціным. Да сярэдзіны кастрычніка 2022 года Каракулаў працаваў інжынерам у аддзеле, які забяспечваў сакрэтную сувязь прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а потым зʼехаў за мяжу і асудзіў вайну РФ супраць Украіны.

Nashaniva.com