КДК затрымаў службовых асоб пяці кампаній, якія займаліся пастаўкамі лекаў і медабсталявання 

Камітэт дзяржкантролю заявіў, што затрымаў службовых асоб пяці прыватных кампаній, якія пастаўлялі медыцынскія і фармацэўтычныя тавары ва ўстановы аховы здароўя. Колькасць затрыманых і назвы кампаній пакуль не паведамляюцца.

17.04.2023 / 13:04

У падазраваных канфіскавана больш за 250 тыс. даляраў ЗША і 55 тыс. еўра. Фота: КДК

Паводле КДК, работнікі прыватных кампаній дамаўляліся з замежнымі вытворцамі тавараў аб іх пастаўцы на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на адрас беларускіх субʼектаў гаспадарання праз фальшывых пасрэднікаў. Дакументальна пастаўка афармлялася праз падкантрольныя замежныя арганізацыі. Тыя ж у сваю чаргу, павялічваючы цану на тавары па асобных пазіцыях у 4-5 разоў, рэалізоўвалі яе беларускім кампаніям.

У выніку розніца ў цэнах асядала на рахунках замежных фірмаў-пасрэднікаў, падкантрольных беларускім кампаніям.

Прычыненая дзяржаве шкода ў выглядзе нявыплачаных падаткаў склала больш за 8,9 млн. руб, паведамляе КДК.

У дачыненні да заснавальнікаў і кіраўнікоў кампаній распачатыя крымінальныя справы.

Пры гэтым двое з фігурантаў былі затрыманыя ў пункце пропуску «Лоша» пры спробе выехаць за мяжу.

Падазраваныя далі прызнальныя паказанні і садзейнічаюць у расследаванні крымінальных спраў, паведамляе КДК.

У падазраваных канфіскавана больш за 250 тыс. даляраў ЗША і 55 тыс. еўра. На маёмасць падазраваных, у тым ліку абʼекты нерухомасці і аўтамабілі, накладзены арышт.

Nashaniva.com