Рэжым рыхтуецца да «партызанкі»? Леснікі змогуць ездзіць з мігалкамі, спыняць машыны і страляць — дэпутаты рыхтуюць змены
Праект закона «Аб змяненні Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь» дэпутаты разгледзяць сёння ў першым чытанні, паведаміла намесніца старшыні Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Палаты прадстаўнікоў Жанна Чарняўская, перадае БелТА.
18.04.2023 / 08:55
Ілюстрацыйны здымак. Фота: minleshoz / Telegram
«З улікам спецыфікі лесакарыстання ўдасканаленыя формы і метады работы службовых асоб дзяржаўнай лясной аховы, а менавіта магчымасць кругласутачнага наведвання лясоў для правядзення палявых мерапрыемстваў.
У тым ліку яны надзяляюцца паўнамоцтвамі на выкарыстанне транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння, абсталяваных спецыяльнай светлавой і гукавой сігналізацыяй, а таксама на спыненне транспартных сродкаў.
У мэтах забеспячэння бяспекі службовых асоб дзяржаўнай лясной аховы і спынення замаху на іх жыццё і здароўе
законапраектам прадугледжанае надзяленне іх паўнамоцтвамі на выкарыстанне і прымяненне зброі, а таксама спецыяльных сродкаў, фізічнай сілы», — адзначыла парламентарый.
Удакладненыя і ўведзеныя новыя тэрміны з іх азначэннямі.
Акрамя таго, праектам закона замацоўваецца кампетэнцыя Лукашэнкі «на вызначэнне адносін у галіне выкарыстання, аховы, абароны і ўзнаўлення лясоў у лясным фондзе, які выкарыстоўваецца ў мэтах нацыянальнай бяспекі, а таксама на ўстанаўленне парадку ажыццяўлення дзейнасці на ўчастках ляснога фонду, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах нацыянальнай бяспекі».