У гомельскім цягніку расіянка скрала ў расіяніна AirPods Pro. Разумныя навушнікі самі падказалі, дзе іх шукаць

Ноччу 24 сакавіка ў грамадзяніна Расіі ў цягніку «Масква-Гомель» знік зарадны кейс з дарагімі навушнікамі AirPods Pro. Пра знікненне ў міліцыю мужчына паведаміў толькі ўвечары. Ён расказаў, што паклаў навушнікі вечарам у сеткаватую адкідную палічку для рэчаў, а раніцай яны зніклі. Справу перадалі ў Жлобін.

18.04.2023 / 10:46

Ілюстрацыйны здымак. Фота: pixabay.com

Праз некалькі дзён пацярпелы набраў следчага ў мэсэнджары — на кампʼютары разумныя навушнікі паказалі дакладную геалакацыю, і час, калі яны канчаткова адключыліся. Як аказалася, гэта быў адзін з карпусоў санаторыя пад Рагачовам.

У дзень знікнення туды заехалі больш за 50 пастаяльцаў. Міліцыя апытвала іх усіх.

У адным з нумароў 60-гадовая пенсіянерка з расійскага Зеленаграда пацвердзіла, што дабіралася да Гомеля менавіта тым цягніком. Купэ таксама супала. На пытанне, ці не знаходзіла жанчына невялікую скрыначку, тая адказала сцвярджальна — ляжыць у тумбачцы. Патлумачыла, што знайшла яе раніцай, калі збірала пасцельныя прыналежнасці. Гэта былі зніклыя навушнікі.

Паколькі пенсіянерка не аддала правадніку знойдзеную рэч, у дачыненні да жанчыны завялі крымінальную справу па факце крадзяжу.

Nashaniva.com