Палітвязня Вадзіма Гурмана, які мае сур’ёзныя праблемы са зрокам, катуюць у горацкай калоніі

Па інфармацыі праваабаронцаў, за апошнія некалькі месяцаў палітзняволены Вадзім Гурман з Маладзечна адбыў як мінімум 35 сутак у ШІЗА, 21 з якіх — бесперапынна. Апошнія 14 сутак яму прызначылі за адмову зняцца ў відэа для камісіі па памілаванні, падчас якога трэба было прызнаць сваю віну. 

19.04.2023 / 17:13

Ад пераахаладжэння ў штрафным ізалятары ў Вадзіма нават здарылася брадзікардзія (стан сэрцавай цягліцы, калі частата яе скарачэнняў складае меней за 60 удараў у хвіліну).

Акрамя гэтага, паводле былога вязня, супрацоўнікі калоніі некалькі дзён таму збівалі хлопца нагамі цягам шасці гадзінаў, а потым халоднай вадой прыводзілі яго да свядомасці. 

Вадзіма Гурмана арыштавалі 11 жніўня 2020 года. Яго абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

8 лютага 2021 года ў судзе Маладзечанскага раёна суддзя Вольга Дубовік прысудзіла Гурману тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У Гурмана яшчэ да зняволення быў вельмі кепскі зрок. У яго была неаперабельная атрафія зрокавых нерваў абодвух вачэй: адно вока бачыла на 12%, другое — на 23%. Кожныя чатыры месяцы ён мусіць знаходзіцца на абследаванні: інакш да 30 год яму прагназавалі поўную слепату. Да таго ж, Вадзім баксёр, і ў яго было адпластаване сятчаткі. 

Чытайце таксама:

«Сёння вы пасадзілі невінаватага і разбурылі яго сям’ю». Жыхара Маладзечна Вадзіма Гурмана асудзілі на 3 гады і 6 месяцаў за падзеі 9 жніўня

Чалавек, які толькі прайшоў Акрэсціна, расказаў, што такое каруселі

«Сказалі проста ў твар, хто мяне здаў». Былыя палітвязні расказваюць, як сукамернікі становяцца стукачамі і ці ёсць даносчыкі сярод палітычных

Nashaniva.com