З-за перабояў у энергазабеспячэнні спыняўся «Гродна Азот»

Прыпыненне вытворчасці адбылося ў некаторых цэхах ААТ «Гродна Азот», паведаміла прадпрыемства. Адбылося гэта, як сцвярджаецца, з-за аварыі на электрычных сетках.

19.04.2023 / 19:52

Фота: gazeta.azot.by

«У сувязі са знешняй пасадкай напружання адбылося прыпыненне вытворчасці капралактаму, карбаміду, метанолу і цэха азотнай кіслаты ды карбамідна-аміячнай сумесі», — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама адзначаецца, што персанал завода прымае меры па стабілізацыі сітуацыі і аднаўленні функцыянавання цэхаў.

На заводзе папярэдзілі, што для ўтылізацыі гаручых рэчываў паводле рэгламенту будзе праведзена іх спальванне на факельнай устаноўцы. Гэта можа працягвацца некалькі сутак.

«Пры запуску аддзяленняў вытворчасці азотнай кіслаты кароткачасова можа быць бачны «лісіны хвост» — газ характэрнага жоўтага колеру, які ўяўляе сабой злучэнне кіслароду і азоту», — сказалі на прадпрыемстве. На заводзе запэўнілі, што гэтая з'ява пагрозы гораду, экалогіі і мясцовым жыхарам не нясе.

Раней у РУП «Гроднаэнерга» праінфармавалі, што днём у сераду 19 красавіка адбылося кароткачасовае парушэнне электразабеспячэння некаторых спажыўцоў абласнога цэнтра і раёна з-за аварыі на электрасетках. Днём ад гарадзенцаў сапраўды прыходзілі паведамленні, што цягам прыблізна паўгадзіны адсутнічала электрычнасць.

Чытайце таксама:

«Гродна Азот» атрымае шматмільённы крэдыт на мадэрнізацыю ад Расіі

Літоўскі бізнэсмен пакаяўся, што дапамагаў «Гродна Азоту» абыходзіць санкцыі

Фірму-пракладку для абыходу санкцый узначальвае старшыня аднаго з выбаркамаў 2020 года — расследаванне

Nashaniva.com