Шлях да сяброўства Украіны ў НАТА будзе абмяркоўвацца на саміце альянсу ў ліпені — Столтэнберг
Будучыня Украіны ляжыць у НАТА, заявіў генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг, які ўпершыню прыбыў ва Украіну з візітам.
20.04.2023 / 15:20
Енс Столтэнберг. Фота: РБК-Украіна
«Законнае месца Украіны — у еўраатлантычнай сям'і. Законнае месца Украіны — у НАТА. І з часам наша падтрымка дапаможа вам зрабіць гэта магчымым», — заявіў ён падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Ён дадаў, што шлях да сяброўства НАТА для Украіны будзе абмяркоўвацца на саміце ў ліпені ў Вільні, куды запрошаны ўкраінскі лідар.
Зяленскі ў сваім выступе заклікаў да найхутчэйшага ўступлення Украіны ў НАТА:«Цяпер, калі большасць людзей у краінах НАТА і большасць украінцаў падтрымліваюць уступленне нашай краіны ў альянс, прыйшоў час прыняць адпаведную пастанову».
Ён таксама папрасіў Столтэнберга дапамагчы Кіеву «пераадолець нежаданне» некаторых дзяржаў-членаў даваць Кіеву некаторыя віды ўзбраенняў, а менавіта «сучаснай авіяцыі, артылерыі, бранятэхнікі».