У Мінску праходзіць Антыфашысцкі камуністычны форум. На яго прыехаў Зюганаў

21-22 красавіка запланавана правядзенне Міжнароднага антыфашысцкага форуму, у якім прыме ўдзел актыў Камуністычнай партыі Беларусі, а таксама замежныя дэлегацыі ў складзе кампартый.

21.04.2023 / 10:53

Генадзь Зюганаў на вакзале ў Мінску. Фота: comparty.by

На форум запрошаныя кіраўніцтва і прадстаўнікі лева-патрыятычных партый і рухаў, якія ўваходзяць у міжнародны камуністычны рух, якія «падтрымліваюць пазіцыю і ініцыятывы Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне».

Раніцай 21 красавіка ў Мінск прыехаў кіраўнік ЦК КПРФ Генадзь Зюганаў. Таксама ў Мінск прыехалі намеснік старшыні ЦК КПРФ Дзмітрый Новікаў, сакратар ЦК КПРФ, першы намеснік старшыні Цэнтральнага Савета СКП-КПСС, першы намеснік старшыні Камітэта ГД па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Казбек Тайсаеў, сакратар ЦК КПРФ Аляксандр Юшчанка.

Таксама ў Мінск прыехалі кіраўнікі кампартый Арменіі, Кыргызстана, Узбекістана, непрызнанай Абхазіі, прадстаўнікі камуністаў далёкага замежжа з Германіі, Венгрыі, Партугаліі.

А камуністы Малдовы, Азербайджана, Таджыкістана, Казахстана, непрызнанага Прыднястроўя, Паўднёвай Асеціі, Туркменістана, Літвы, Латвіі, Эстоніі і іншых кампартый з краін Еўропы, Азіі, Амерыкі будуць прымаць удзел у форуме з дапамогай выкарыстання відэаканферэнцсувязі.

Таксама ў бліжэйшы час пачнецца З'езд Камуністычнай партыі Беларусі.

Nashaniva.com